19 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Пяты Міжнародны велапрабег "Моладзь Беларусі і Расіі - дарога ў будучыню Саюзнай дзяржавы" стартаваў сёння ў Смаленску. У гэты раз акцыя прысвечана 65-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі Смаленскай вобласці. У велапрабегу прымаюць удзел па 10 беларускіх і расійскіх спартсменаў-аматараў - маладыя парламентарыі, прадстаўнікі моладзевых грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў, выкладчыкі, навукоўцы, студэнты. Іх маршрут пройдзе па дарогах Смаленскай і Віцебскай абласцей. У 27 населеных пунктах, дзе запланаваны прыпынкі, веласіпедысты правядуць мітынгі, спартыўныя святы і канцэрты, круглыя сталы, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні выхавання ў моладзі пачуцця патрыятызму, фарміравання здаровага ладу жыцця, праблемы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы моладзевай палітыкі. Велапрабег праходзіць пад патранажам Віцебскага аблвыканкама і адміністрацыі Смаленскай вобласці пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы.-0-

БЕЛТА