6 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Вернісажы расійскіх мастакоў пачнуць сёння ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА распавялі ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, дзе адкрываецца выстава мастакоў з Санкт-Пецярбурга "Перажыванне".
У экспазіцыі прадстаўлены інсталяцыі з металу, жывапіс і графіка 10 маладых аўтараў, якія паспрабавалі візуальнымі сродкамі перадаць свае перажыванні, што ўзніклі пад уплывам работ Марка Шагала. У Мастацкім музеі (філіяле абласнога краязнаўчага) пройдзе вернісаж "Прысвячэнне Марку Шагалу" Дзяржаўнага музея "Дом Бурганава" (Масква). Тут таксама прадстаўлены жывапіс, графіка і скульптура.
Нягледзячы на тое, што афіцыйнай датай нараджэння Шагала лічыцца 6 ліпеня, сам мастак адзначаў яго 7 ліпеня. Таму на яго радзіме ў Віцебску ў гэты дзень праходзяць найбольш значныя і цікавыя мерапрыемствы, прысвечаныя майстру. Гараджанам і гасцям горада даўно палюбіліся сустрэчы "У гасцях у Марка і Бэлы" на Пакроўскай вуліцы, каля дома-музея мастака. У юбілейным годзе свята ахопіць усю Пакроўскую. Тут жа пройдзе спецыяльнае гашэнне маркі, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. На марцы намаляваны партрэт Шагала пэндзлем яго настаўніка Юрыя Пэна і зроблена надпіс на чатырох мовах: беларускай, англійскай, французскай і ідыш.
А 8 ліпеня ў Віцебску пройдзе прэм'ерны паказ дакументальнага фільма "Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць", знятага Белвідэацэнтрам, і адбудзецца творчая сустрэча са здымачнай групай і ўдзельнікамі фільма. У абласной філармоніі ансамбль салістаў "Класік-авангард" пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава прадставіць музычна-тэатральную пастаноўку "Сны над Віцебскам". Ізраільскі культурны цэнтр пры пасольстве Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь у рамках святочных мерапрыемстваў з нагоды 125-годдзя Марка Шагала ў Віцебску, прадставіць у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа выставу "Па слядах Шагала ў Ізраілі". Пасля адкрыцця выставы на вялікай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа адбудзецца спектакль "Палеты з анёлам". У пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі і прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне", прафесара Валерыя Анісенкі.-0-
БЕЛТА
Вернісажы расійскіх мастакоў пакладуць пачатак урачыстасцям у гонар 125-годдзя Марка Шагала ў Віцебску
6.7.20120 праглядаў