26 ліпеня, Аршанскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Верталёты МНС Беларусі ліквідуюць пажары ў Турцыі і здымаюцца ў кіно. Аб звычайнай і незвычайнай працы паветраных ратавальнікаў карэспандэнту БЕЛТА распавёў прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі. У маі бягучага года верталёт Мі-8 МНС Беларусі ў чарговы раз адправіўся ў службовую камандзіроўку ў Турцыю на тушэнне лясных пажараў. Па папярэдняй дамоўленасці, экіпаж з баявой машынай будзе працаваць да канца верасня. Налёт ужо склаў 55 гадзін. Як адзначыў Віталь Навіцкі, беларускія ратавальнікі не першы год аказваюць дапамогу калегам з Турэцкай Рэспублікі і заўсёды атрымліваюць падзякі і высокую ацэнку сваёй дзейнасці. А зусім нядаўна верталёт беларускіх ратавальнікаў Мі-26 прымаў удзел у здымках галівудскага баявіка "Цвёрды арэшак-5". Па ўмовах кантракту, да прэм'еры, якая прызначана на люты 2013 года, ратавальнікі не могуць расказаць аб ролі, якая ім дасталася. Але здымкі пакінулі нямала прыемных успамінаў. Пры гэтым верталёт не толькі стаў акцёрам. Яму трэба будзе выконваць і больш звыклую для сябе працу - перавезці па просьбе аўтараў пятага "Цвёрдага арэшка" фюзеляж самалёта да месца чарговых здымак на адлегласць прыкладна 70-80 км. Па словах Віталя Навіцкага, падобныя аперацыі ў свеце выконваліся толькі аднойчы. Як адзначыў суразмоўца, усе сродкі, заробленыя паветранымі ратавальнікамі, накіроўваюцца на абнаўленне і капітальны рамонт баявых машын, у першую чаргу верталётаў.-0-

БЕЛТА