22 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Верхнядзвінскія сыраробы сталі ўладальнікамі залатога медаля за сыры "Гауда" і "Манарх" на XIV Міжнароднай аграпрамысловай выставе "Залатая восень 2012" у Маскве, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на адкрытым акцыянерным таварыстве "Верхнядзвінскі масласырзавод". Выстава праходзіла ва Усерасійскім выставочным цэнтры. На плошчы 60 тыс. кв.м дасягненні аграпрамысловага комплексу дэманстравалі 2,5 тыс. прадпрыемстваў і арганізацый з 35 дзяржаў свету. Эксперты аднадушна прызналі лепшымі і ўдастоілі залатых медалёў сыры "Гауда" 50% тлустасці і "Манарх" 50% тлустасці, якія асвоены і вырабляюцца на верхнядзвінскім заводзе пад гандлёвай маркай "Ян-сырароб". Як адзначылі на прадпрыемстве, удзел у такіх міжнародных выставачных праектах дае магчымасць паўнавартасна прадставіць прадукцыю, якая вырабляецца, а спажыўцам прадэгуставаць і ацаніць навінкі, з першых вуснаў атрымаць інфармацыю аб прадукце і прадпрыемстве. Яшчэ адным вынікам выставы сталі перамовы з расійскімі кампаніямі па заключэнні кантрактаў на пастаўкі прадукцыі ў розныя рэгіёны Расіі. Верхнядзвінскі масласырзавод вядзе сваю гісторыю з 1932 года. Прадпрыемства было акцыянавана ў 1999 годзе, яго заснавальнікам з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам. Дзяржаве належыць 95,3% акцый. Завод спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў, масла сметанковага і сухой сыроваткі. У структуры перапрацоўкі малака больш за 60% прыпадае на вытворчасць сыроў. Асартыментны пералік уключае звыш 30 найменняў прадукцыі. Прадпрыемствам зарэгістраваны гандлёвыя маркі "Ян сырароб" і "Ульянка" ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці РБ. ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" першым у Беларусі атрымаў сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005, а таксама ў ліку чатырох вядучых перапрацоўваючых прадпрыемстваў Беларусі сёлета стаў уладальнікам сертыфіката адпаведнасці сістэме менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў на адпаведнасць патрабаванням міжнароднага стандарту FSSC 22000, што з'яўляецца пацвярджэннем яго гатоўнасці да паставак прадукцыі ў краіны Еўрапейскага саюза. У студзені-жніўні бягучага года тэмп росту аб'ёмаў вытворчасці склаў 244,8% да аналагічнага перыяду мінулага года. Рэнтабельнасць продажаў з'яўляецца адной з самых высокіх сярод прадпрыемстваў рэспублікі і складае 10%. -0-