6 чэрвеня, Верхнядзвінск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Верхнядзвінскі масласырзавод" пачало пробныя пастаўкі сухой дэмінералізаванай сыроваткі ў Кітай, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Пётр Лаўрынаў. Такім чынам, прадпрыемства працягвае работу над дыверсіфікацыяй рынкаў збыту. У бягучым годзе верхнядзвінскія сыраробы выйгралі тэндэр і пачалі пастаўкі сваёй прадукцыі акрамя аптовых пакупнікоў у гандлёвыя сеткі Заходняга Казахстана. Дагаворная работа пачалася з аптовымі пакупнікамі з Азербайджана, якія праявілі павышаную цікавасць да цвёрдых сыроў і сметанковага масла з Верхнядзвінска. Разам з тым найбольшыя аб'ёмы замежных паставак завод ажыццяўляе ў Расійскай Федэрацыі. Але і тут, як падкрэсліў Пётр Лаўрынаў, прадпрыемства не абмяжоўваецца традыцыйнымі рынкамі Масквы і Санкт-Пецярбурга. Дзелавыя кантакты наладжаны з Паўднёвай Федэральнай акругай, Сібірцю, Далёкім Усходам. Па дадзеных за студзень-май бягучага года, тэмп росту экспарту ў грашовым выразе склаў 107,8%. У студзені-маі прадпрыемства вырабіла 449 т жывёльнага масла, што на 63% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Выпуск тлустых сыроў і сырных прадуктаў павялічыўся на 8% і дасягнуў 2176 т. З пачатку года выраблена 1185 т сухой дэмінералізаванай сыроваткі. Рэнтабельнасць продажаў з'яўляецца адной з самых высокіх сярод прадпрыемстваў рэспублікі і складае 12,6%. Прыбытак ад рэалізацыі ацэньваецца ў Br14,8 млрд. Верхнядзвінскі масласырзавод вядзе сваю гісторыю з 1932 года. Прадпрыемства было акцыянавана ў 1999 годзе, яго заснавальнікам з'яўляецца Віцебскі аблвыканкам. Дзяржаве належыць 95,3% акцый. Завод спецыялізуецца на вытворчасці цвёрдых сычужных сыроў, сметанковага масла і сухой сыроваткі. У структуры перапрацоўкі малака больш за 60% прыпадае на вытворчасць сыроў. Асартыментны пералік уключае звыш 30 найменняў прадукцыі. Прадпрыемства зарэгістравала гандлёвыя маркі "Ян сыродел" і "Ульянка" ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці РБ. ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" першым у Беларусі атрымала сертыфікат адпаведнасці сістэме менеджменту якасці LST EN ISO 9001:2008 і бяспекі харчовых прадуктаў LST EN ISO 22000:2005.-0-

БЕЛТА