26 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Адкрытае акцыянернае таварыства "Верхнядзвінскі масласырзавод" пабудуе ў 2014 годзе ўласную аўтамыйку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА на прадпрыемстве.

У цяперашні час праект коштам каля Br4 млрд знаходзіцца на стадыі вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі, атрымаць якую прадпрыемства мае намер да красавіка, а з другога паўгоддзя пачаць будаўніцтва. У адпаведнасці з планам, на тэрыторыі масласырзавода з модульных канструкцый будзе ўзведзены блок памерам 21 м на 9 м і вышынёй 6 м. Унутры будуць абсталяваны бытавыя і падсобныя памяшканні, працоўная зона, аснашчаная сучасным тэхналагічным абсталяваннем для мыцця аўтатранспарту. Завяршыць праект плануецца ў трэцім квартале бягучага года.

"На дадзены момант для мыцця аўтатранспарту прадпрыемства карыстаецца ўласнай мыйкай старога ўзору, якая не адпавядае сучасным стандартам, а таксама паслугамі суседняй арганізацыі, што затратна і нязручна для нас. Рэалізацыя дадзенага праекта дазволіць зэканоміць затрачваемыя на гэтыя мэты рэсурсы і накіраваць іх у развіццё вытворчасці. Чакаецца, што праект акупіцца на працягу трох гадоў", - адзначылі спецыялісты.

За студзень 2014 года прадпрыемства выпусціла прадукцыі на Br35 млрд, што на 40% больш за аналагічны ўзровень мінулага года. Рэнтабельнасць продажаў за 2013 год склала 13,3%. На экспарт у Расію і Казахстан пастаўлена прадукцыі на $23,5 млн, тэмп росту да 2012 года склаў 114,4%.

Прадпрыемства заснавана ў 1932 годзе. Спецыялізуецца на вытворчасці натуральных малочных прадуктаў: сычужных сыроў, каровінага масла, сыроваткі сухой дэмінералізаванай, гадавая магутнасць выпуску якіх складае 5 тыс. т, 1 050 т і 3,2 тыс. т адпаведна. Прадукцыя выходзіць пад гандлёвымі маркамі "Ян Сырароб" і князь "Альгерд". На заводзе ўкаранёна і дзейнічае сістэма кіравання якасцю на аснове прынцыпаў аналізу рызык і крытычных кантрольных кропак (НАССР) па забеспячэнні бяспекі харчовых прадуктаў. Таксама ААТ "Верхнядзвінскі масласырзавод" першым у Беларусі атрымала сертыфікаты LST EN ISO 22000:2005 і LST EN ISO 9001:2005, што адкрыла для кампаніі магчымасць экспартаваць сваю прадукцыю ў любую з краін Еўропы. -0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)