«Усіх на свята наша вясновае запрашаем ад душы, створым вам настрой – смяйся, цешся, танцуй!» Такімі вершаванымі радкамі ды жартамі з прыгаворкамі зазывалі лепельчан у мінулыя выхадныя на народныя масленічныя гулянні, якія разгарнуліся ў гарадскім парку...


Блінамі-шэдэўрамі, пірагамі, гарачым чаем частуюць лепельчан і гасцей горада прадстаўнікі калектываў.

Гулянні суправаджаліся карагодамі, песнямі, танцамі, абрадамі і гульнямі.

А вы калі-небудзь задаваліся пытаннем: чаму на Масленіцу пякуць менавіта бліны? Нашы продкі шанавалі сонца як Бога, бо яно давала жыццё ўсяму. Людзі радаваліся сонцу, якое з набліжэннем вясны пачынала з'яўляцца ўсё часцей. Таму і ўзнікла традыцыя ў гонар вясновага сонца пячы круглыя, па форме нагадваючыя сонца, ляпёшкі. Лічылася, што, з'еўшы такое страва, чалавек атрымае часцінку сонечнага святла і цяпла. З часам ляпёшкі замянілі блінамі. Круглыя, румяныя, гарачыя бліны з'яўляюцца сімвалам сонца, а значыць, абнаўлення і пладавітасці.

Адной з галоўных падзей масленічных гулянняў у гарадскім парку сталі конкурсы, у якіх удзельнічалі розныя арганізацыі горада.

У конкурсе на лепшае пудзіла Масленіцы: першае месца заняў Сектар спорту і турызму, другое — Цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, трэцяе — Лепельская гімназія.

У конкурсе на лепшае падвор'е: перамог Лепельскі МКК, другое месца заняў Лепельскі хлебазавод, трэцяе — сярэдняя школа № 3.

Свята пакінула ва ўсіх удзельнікаў масу станоўчых эмоцый і ўражанняў.

Кульмінацыяй народнага свята стаў абрад спальвання масленічнага пудзіла.

Спальванне пудзіла – прыгожая і сімвалічная традыцыя, якая ўвасабляе развітанне з зімой і сустрэчу вясны, абнаўленне прыроды і пачатак новага жыццёвага цыклу.