У мінулым годзе ў вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд 2016 года ў Лепельскім раёне склалася надзвычай неспрыяльная пажаранебяспечная сітуацыя.

У мінулым годзе ў вясенне-летні пажаранебяспечны перыяд 2016 года ў Лепельскім раёне склалася надзвычай неспрыяльная пажаранебяспечная сітуацыя. Падраздзяленні Лепельскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях 28 разоў выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў сухой травы і іншых пажаранебяспечных адходаў. Цёплае сухое надвор'е стала для насельніцтва знакам да пачатку навядзення парадку на прысядзібных участках. Але спальваюць смецце не толькі дачнікі і ўладальнікі асабістых зямельных участкаў, на жаль, такая практыка выкарыстоўваецца і на прыдарожных тэрыторыях - уздоўж палёў, лугоў, абочын дарог цягнуцца рэдкія струменьчыкі белага дыму.

І хоць у Беларусі выпальванне сухой расліннасці забаронена законам (у адпаведнасці з арт. 15.57 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адказнасць за выпальванне сухой расліннасці, траў на корані, а таксама стэрні і пажніўных рэшткаў на палях альбо за непрыняцце мер па ліквідацыі палоў — накладанне штрафу ад 10 да 40 базавых велічынь, а арт.15.58 за распальванне вогнішчаў у забароненых месцах прадугледжана папярэджанне або накладанне штрафу да 12 базавых велічынь), жаданне пазбавіцца з дапамогай запаленай запалкі ад смецця і сухой травы ў нашых грамадзян не прападае.

Практычна кожны год вясновыя палы прыводзяць да няшчасных выпадкаў – узгаранняў жылых дамоў, гаспадарчых пабудоў, траўмаванню і гібелі людзей. У 2016 годзе ў Лепельскім раёне ад палаючай сухой расліннасці адбыліся пажары 4 дамоў і 7 гаспадарчых пабудоў.

Так, 19 сакавіка з-за выпальвання сухой расліннасці адбыўся пажар кінутага будынка і гаспадарчай пабудовы ў в.Будзішча. У выніку пажару ўсе будынкі знішчаны агнём цалкам. 5 красавіка адбылося ўзгаранне трох гаспадарчых пабудоў у вёсцы Бор, 6 красавіка ў вёсцы Матырыно па той жа прычыне адбылося ўзгаранне дома, хлява і лазні, усе пабудовы знішчаны агнём. У гэты ж дзень у вёсцы Каміншчына згарэлі два кінутыя дамы і хлявок. І гэта толькі малая частка прыкладаў, калі здавалася б бяскрыўдныя палы травы прыводзяць да вялікай матэрыяльнай шкоды, а часам і гібелі людзей.