18 сакавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Ветэраны ваенна-марскога флоту (ВМФ) перадалі сёння жыхарам Віцебска дзве мемарыяльныя дошкі ў гонар двух маракоў-падводнікаў - ураджэнцаў Віцебскай вобласці Героя Савецкага Саюза віцэ-адмірала Ягора Томко і Героя Савецкага Саюза капітана першага рангу Самуіла Багорада, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Урачыстая цырымонія прымеркавана да дня маракоў-падводнікаў, які адзначаецца ў Расійскай Федэрацыі 19 сакавіка. Беларускія і расійскія ветэраны ВМФ разам сустракаюць гэтае свята і праводзяць у Віцебску акцыю "Радзіма марскіх герояў" у рамках сумеснaга грамадска-патрыятычнага праекта "Марское братэрства - непарушнае!". Пачалася акцыя з ускладання вянкоў і кветак да манумента на плошчы Перамогі і мітынгу. У яе завяршэнне для гасцей і ўдзельнікаў праекта будзе дадзены святочны канцэрт "Марское братэрства - непарушнае!", прысвечаны беларускім маракам-падводнікам. У гады Вялікай Айчыннай вайны найвышэйшай узнагародай, Залатой зоркай Героя Савецкага Саюза, былі ўдастоены 9 балтыйцаў-падводнікаў. Адным з іх стаў віцяблянін Самуіл Багарад - камандзір падводнай лодкі "Щ-310". Пад яго камандаваннем падлодка здзейсніла тры баявыя паходы, запісаўшы на свой баявы рахунак восем патопленых караблёў і суднаў нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яшчэ адзін ураджэнец Віцебскай вобласці Ягор Томка прайшоў усе прыступкі афіцэрскай службы на перадавых злучэннях ваенна-марскога флоту - ад лейтэнанта да контр-адмірала, ад першаснай афіцэрскай пасады да камандзіра дывізіі шматмэтавых атамных падводных лодак з крылатымі ракетамі на борце. За праяўлены гераізм пры выратаванні экіпажа і падлодкі, якая трапіла ў аварыю ў лістападзе 1978 года, Ягору Томку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У лютым бягучага года памяць маракоў-падводнікаў - ураджэнцаў Беларусі ў рамках праекта ўшанавалі ў Санкт-Пецярбургу. Сёння ў Беларусі жыве каля 200 тыс. чалавек, якія служылі ў розныя гады ў частках ВМФ СССР. З 1945 па 1992 год ваенную службу на флоце прайшлі каля мільёна беларусаў. Сваё жыццё прысвяцілі ваенна-марскому флоту 74 адміралы-беларусы. У Беларусі дзейнічаюць 26 падраздзяленняў Беларускага саюза ваенных маракоў, які налічвае больш за 3 тыс. членаў.