23 мая, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны атрымаюць матэрыяльную дапамогу да 70-годдзя вызвалення Беларусі і 70-годдзя Перамогі. Гэта прадугледжана Планам падрыхтоўкі і правядзення мерапрыемстваў па святкаванні 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, зацверджаным указам Прэзідэнта ад 20 мая 2013 года №230. Дакумент афіцыйна апублікаваны сёння на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Так, праект указа "Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і асобным катэгорыям грамадзян, пацярпелых ад наступстваў вайны, у сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў" павінен быць падрыхтаваны да 1 сакавіка 2014 года. Другі праект указа - аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў сувязі са святкаваннем 70-й гадавіны Перамогі - да 1 сакавіка 2015 года.

Акрамя таго, будзе арганізавана ўручэнне ветэранам памятных падарункаў за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, юрыдычных асоб, у тым ліку грамадскіх аб'яднанняў (да 3 ліпеня 2014 года і да 9 мая 2015 года).

Планам прадугледжана вывучэнне сацыяльна-бытавых умоў жыцця ветэранаў ВАВ, членаў сем'яў вайскоўцаў, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памерлі) у гады вайны, асобных катэгорый грамадзян, пацярпелых ад наступстваў вайны. Пры неабходнасці будуць адрамантаваны кватэры і дамы адзінокіх грамадзян гэтых катэгорый за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. У межах акцый "Ваша Перамога - наша свабода", "Добрае Сэрца" - ветэранам!" цімураўскія і моладзевыя валанцёрскія атрады ў 2013-2015 гадах акажуць шэфскую дапамогу.

Запланавана правядзенне комплексных медаглядаў, аказанне медыцынскай дапамогі ветэранам ВАВ у дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя.

Інвалідам і ўдзельнікам ВАВ 1-5 ліпеня 2014 года і 7-11 мая 2015 года будзе прадастаўлена права бясплатнага карыстання паслугамі стацыянарнай тэлефоннай сувязі на тэрыторыі рэспублікі за кошт сродкаў РУП "Белтэлекам", а таксама з прымяненнем сэрвісных тэлефонных карт.

2 ліпеня 2014 года адбудзецца урачыстае адкрыццё новага будынка і экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай.