(з пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў)

Абмеркаванню шэрагу актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна было прысвечана чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага Савета дэпутатаў. Галоўны ветэрынарны ўрач Лепельскага раёна Святлана Знарок у сваім выступленні ўсебакова асвяціла тэму “Аб стане ветэрынарнага абслугоўвання і захавання пагалоўя жывёл у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян Лепельскага раёна”.

У асабістых падсобных гаспадарках грамадзян на тэрыторыі Лепельскага раёна праводзяцца прафілактычныя вакцынацыі супраць сібірскай язвы буйной рагатай жывёлы. На тэрыторыі раёна ёсць восем неспрыяльных пунктаў. Гэта вёскі Пяскі, Курмялёўка, Губіна Каменскага сельсавета, вёскі Залессе, Баброва (Баброўскі сельсавет), в.Вялікае Жэжліна Лепельскага сельсавета, а таксама в.Кавалевічы (Валосавіцкі сельсавет).
Апошні выпадак сібірскай язвы на тэрыторыі нашага раёна быў зарэгістраваны ў вёсцы Кавалевічы Валосавіцкага сельсавета ў 1955 годзе.

Дыягнастычныя даследаванні на туберкулёз у асабістых падсобных гаспадарках грамадзян раёна праводзяцца адзін раз за год. Калі высвятляецца, што арганізм жывёлы рэагуе на туберкулін, яна ў абавязковым парадку здаецца на мясакамбінат. Адбіраюцца пробы лімфатычных вузлоў для бактэрыялагічнага даследавання. Апошні выпадак захворвання туберкулёзам на тэрыторыі раёна быў зарэгістраваны ў 1988 годзе ў вёсцы Пышна.

Работнікамі ветэрынарнай службы раёна штогод праводзяцца дыягнастычныя даследаванні сывараткі крыві на бруцэлёз ад жывёл з асабістых падсобных гаспадарак. Апошні выпадак захворвання бруцэлёзам на тэрыторыі раёна быў зарэгістраваны ў 1958 годзе ў вёсцы Макараўшчына Каменскага сельсавета.

У аддзеле дыягностыкі ЛПУ “Лепельская райветстанцыя” вядуцца даследаванні пчол на інфекцыйныя і інвазійныя захворванні: амерыканскі і еўрапейскі гнільцы, аспергілёз, аскафероз і назематоз. Ветэрынарныя ўрачы райстанцыі вядуць абследаванне пчальнікоў на адпаведнасць ВСП з наступнай выпіскай пашпарта, які гарантуе якасць і бяспеку прадукцыі пчалярства.