12 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава, прысвечаная беларускаму дыпламату Уладзіміру Грыгор'еву, адкрылася сёння ў Віцебскім абласным музеі Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова ў рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На цырымоніі адкрыцця выставы дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота падкрэсліў значнасць укладу беларускага дыпламата ў развіццё адносін Беларусі і Расіі. "Мала хто ведае, што Уладзімір Грыгор'еў унёс значны ўклад у стварэнне і развіццё Адзінай эканамічнай прасторы, Мытнага саюза. Ён з'яўляўся сапраўдным паслом, заўсёды адстойваў інтарэсы той дзяржавы, ад імя якой быў накіраваны на гэты пост у Маскву, паслядоўна праводзіў лінію на развіццё расійска-беларускіх адносін. І калі ў нас нешта і дасягнута, а ў нас ёсць дасягненні, ёсць чым ганарыцца ў нашых адносінах, то велізарны ўклад у гэтым належыць Уладзіміру Віктаравічу", - сказаў Рыгор Рапота. Ён таксама адзначыў высокія чалавечыя якасці беларускага дыпламата.
Экспазіцыя, прысвечаная Уладзіміру Віктаравічу Грыгор'еву, адкрывае выставачны праект "Гісторыя Віцебска ў асобах", арганізаваны музеем Героя Савецкага Саюза М.Ф.Шмырова пры садзейнічанні ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама. Экспанаты, што ўвайшлі ў яе, распавядаюць пра жыццё і працу гэтага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, яго ўклад у інтэграцыю беларуска-расійскіх адносін на пасадзе Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі (1997-2006). Тэматычна выстава адлюстроўвае камсамольскі, брэсцкі, віцебскі, пасольскі перыяды дзейнасці Грыгор'ева, яго камандзіроўку ў Афганістан, грамадскі ўклад, комплекс узнагарод.
Невыпадкова адкрыццё выставы прымеркавана да дня афіцыйнага адкрыцця Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску". Уладзімір Грыгор'еў выступіў у свой час з прапановай арганізаваць фестываль польскай песні ў СССР і стаў ініцыятарам яго правядзення ў Віцебску. Пазней гэты форум вырас у знакавую культурную падзею, якая сабрала сёння ў горадзе на Дзвіне прадстаўнікоў 28 дзяржаў - "Славянскі базар у Віцебску". Сярод удзельнікаў адкрыцця выставы былі прадстаўнікі абласных і гарадскіх органаў улады, родныя і саслужыўцы Уладзіміра Грыгор'ева, грамадскасць горада.-0-
БЕЛТА
В.Грыгор'еў унёс велізарны ўклад у развіццё расійска-беларускіх адносін - Г.Рапота
12.7.20120 праглядаў