Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт распрацоўвае ноу-хау для мадэрнізаванага Аршанскага льнокамбіната, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта дызайну ВДТУ кандыдат тэхнічных навук Наталля Акіндынава.

Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт распрацоўвае ноу-хау для мадэрнізаванага Аршанскага льнокамбіната, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дэкан факультэта дызайну ВДТУ кандыдат тэхнічных навук Наталля Акіндынава.

"Цяпер у нас у распрацоўцы шэраг праектаў даволі высокага навуковага ўзроўню - гэта новыя тэхналогіі вырабу тканін, распрацаваныя спецыяльна для Аршанскага льнокамбіната, на якім падчас мадэрнізацыі ўстаноўлены сучасныя станкі з велізарнымі магчымасцямі", - распавяла дэкан.

Ноу-хау датычацца шырокага асартыменту прадукцыі. Гэта кашульныя і касцюмныя тканіны, пледы, коўдры, покрывы, складаныя габеленавыя структуры. "Многія з новых тканін будуць двухбаковымі, ствараем тэкстыль з рознымі эфектамі, такімі як "падрапанасць", аб'ёмнасць. Будуць адлюстраваны і іншыя модныя тэндэнцыі. Сучаснае абсталяванне дазваляе рабіць палатно рознай шырыні, у тым ліку з манараппортным малюнкам, ствараць цэльны малюнак у выглядзе карціны на ўсю шырыню тканіны. Гэта адзін з трэндаў, які карыстаецца попытам у пакупнікоў", - адзначыла Наталля Акіндынава.

Яна падкрэсліла, што прапрацоўваецца і новы дызайн прадукцыі, якая неўзабаве будзе выпускацца на льнокамбінаце. "Высокапрадукцыйнае абсталяванне прадугледжвае хуткую змену дызайну. Таму мы ўжо зараз рыхтуем базу. Ёсць дамоўленасць паміж факультэтам дызайну і льнокамбінатам, на падставе якой сфарміравана група дызайнераў з ліку нашых студэнтаў. Яны сумесна са службай распрацоўкі асартыменту прадпрыемства створаць новыя малюнкі для хатняга тэкстылю", - падзялілася планамі суразмоўніца.

Мяркуецца рэалізаваць і незвычайныя дызайнерскія хады. "Будуць ажыццяўляцца смелыя праекты, складаныя ў выкананні і разлічаныя на элітарнага спажыўца. Мы нацэлены на стварэнне іміджавых рэчаў, якія сведчаць аб высокім узроўні спецыялістаў і вытворчасці", - сказала дэкан.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)