ВДУ імя П.М. Машэрава стала лаўрэатам прэміі Віцебскага аблвыканкама за якасць адукацыйных паслуг
16.2.20120 праглядаў
16 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Лаўрэатаў прэміі Віцебскага аблвыканкама 2011 года за дасягненні ў галіне якасці ўшанавалі сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі ўзнагароджання.
Ганаровай узнагароды за дасягненні ў галіне якасці вырабляемых тавараў, работ і паслуг удастоены Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава, ААТ "Полацкі камбінат хлебапрадуктаў", Віцебскае вагоннае дэпо транспартнага рэспубліканскага прадпрыемства "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі", ЗАТ "Свіцянак". Пацвердзілі званне лаўрэатаў прэміі Віцебскага аблвыканкама адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Віцебская бройлерная птушкафабрыка", "Віцебскі вінзавод" і "Віцебскі мясакамбінат".
Усяго з 2000 года лаўрэатамі гэтай узнагароды сталі 43 прадпрыемствы, пацвердзілі сваё званне 27.
На цырымоніі ўзнагароджання былі ўручаны і ганаровыя дыпломы 11 прадпрыемствам вобласці, прызнаным па выніках 2011 года лаўрэатамі конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі" і 27 прадпрыемствам - лаўрэатамі конкурсу "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" у 2011 годзе. Характэрна, што многія з узнагароджаных прадпрыемстваў змаглі заваяваць узнагароды ў кожным з гэтых конкурсаў. Сярод іх Постаўскі малочны завод, Віцебскі мясакамбінат, Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат, Полацкі малочны камбінат, СТАА "Марка" і УП "Сан Марка", ААТ "Віцебскія дываны", Віцебскі кандытарскі камбінат "Віцьба", ААТ "Інвет" і Аршанскі станкабудаўнічы завод "Чырвоны баец".
У межах мерапрыемства свае ўзнагароды лепшым кіраўнікам і канструктарам 2011 года ўручыў таксама Віцебскі абласны Саюз наймальнікаў.
З заслужанымі ўзнагародамі прадстаўнікоў прадпрыемстваў рэгіёна павіншаваў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Навацкі. Паводле яго слоў, прадпрыемствам Віцебскай вобласці ўдалося дамагчыся пэўных вынікаў: дзякуючы высокім спажывецкім уласцівасцям, сёння іх прадукцыя пазнавальная і запатрабаваная на рынку. "Аднак ва ўмовах абвастрэння міжнароднай канкурэнцыі пытанні забеспячэння і павышэння якасці прадукцыі патрабуюць пастаяннай сістэмнай працы. Бо толькі якасная, танная прадукцыя можа паспяхова канкураваць на знешнім рынку. На гэта перш за ўсё павінна быць накіравана ўся дзейнасць як кіраўніцкага складу прадпрыемстваў, так і органаў улады", - падкрэсліў Уладзімір Навацкі, адзначыўшы, што калі прадпрыемствы ўпусцяць гэтае пытанне, то рызыкуюць страціць рынкі збыту і попыт на свае тавары.
Для захавання дасягнутых вынікаў і паляпшэння пазіцый на знешнім рынку першы намеснік старшыні аблвыканкама звярнуў таксама ўвагу кіраўнікоў прадпрыемстваў на неабходнасць выканання мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады.-0-
БЕЛТА