16 снежня, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Віфлеемскі агонь 17 снежня пачне падарожжа па Беларусі з Фарнага касцёла ў Гродне, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адказны за СМІ Гродзенскай епархіі ксёндз Павел Салабуда.
Сёлета Беларусь 11-ы раз прымае ўдзел у міжнароднай эстафецеце "Віфлеемскі агонь міру і дружбы". Агонь, запалены ад Незгасімай лямпы ў базыліцы Нараджэння Хрыстовага ў Віфлееме, 17 снежня на польска-беларускай мяжы польскія харцеры перададуць беларускім скаўтам. У Фарным касцёле ў Гродне а 15.00 адбудзецца прымеркаванае да падзеі набажэнства. Лямпада са святым агнём будзе выстаўлена ля цэнтральнага алтара гродзенскай базылікі. Веруючыя любой канфесіі змогуць запаліць ад яе свечку і прынесці Віфлеемскі святло ў свой дом.
Пасля агонь будзе перададзены ў Мінск: 18 снежня яго сустрэнуць у архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль яго адразу перададуць у касцёл святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл). Затым агонь адвязуць у іншыя парафіі Мінска, а таксама Барысава, Івянца, Гомеля, Полацка, Глыбокага і Лынтупаў.
Віфлеемскі агонь будзе перадавацца і па праваслаўных прыходах. Плануецца, што яго ўрачыста перададуць расійскім скаўтам у Свята-Успенскім храме Віцебска.
"Віфлеемскі агонь міру і дружбы" - міжнародная акцыя скаўтаў, ініцыяваная больш дваццаці гадоў таму аўстрыйскім дзяржаўным тэлеканалам ORF. У Беларусі яна праходзіць пры падтрымцы праваслаўнай і Рымска-каталіцкай царквы.-0-
БЕЛТА
Віфлеемскі агонь 17 снежня пачне падарожжа па Беларусі з Гродна
16.12.20100 праглядаў