29 лістапада, Гродна /Алена Стасюкевіч - БЕЛТА/. Вініцкая вобласць Украіны зацікаўлена ў стварэнні супольных з Беларуссю прадпрыемстваў у сферы сельскагаспадарчага машынабудавання. Пра гэта сёння на сустрэчы з кіраўніцтвам Гродзенскага аблвыканкама паведаміў першы намеснік старшыні Вініцкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Іван Маўчан, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Прадстаўнічая дэлегацыя Вініцкай вобласці Украіны (у складзе каля 80 чалавек) прыбыла ў Гродзенскую вобласць з 4-дзённым візітам. Рэгіён наведваюць кіраўніцтва вобласці, 27 раёнаў, прадстаўнікі вядучых сельскагаспадарчых арганізацый. Асноўнай мэтай візіту з'яўляецца абмеркаванне стану і перспектыў супрацоўніцтва рэгіёнаў дзвюх краін у сферы вытворчасці сельгаспрадукцыі, развіцця сельскагаспадарчага машынабудавання, пашырэнне міжрэгіянальных адносін у цэлым. Па словах Івана Маўчана, украінскі рэгіён зацікаўлены ў рэалізацыі канкрэтных праектаў. Сярод іх - стварэнне супольных вытворчасцей у сферы сельскагаспадарчага машынабудавання. Вініцкая вобласць у апошнія гады актыўна нарошчвае тэмп вытворчасці сельгаспрадукцыі. Штогод на абнаўленне парку сельгасмашын прадпрыемствы рэгіёну трацяць каля $50 млн. Украінскі бок знаёмы з прадукцыяй гродзенскіх вытворцаў гэтай сферы і задаволены яе якасцю. Рэгіён зацікаўлены ў набыцці плугоў, барон - рознага прычапнога інвентару для сельгасмашын. Паступіла таксама прапанова па стварэнні СВП для вытворчасці такой прадукцыі ва ўкраінскім рэгіёне, дзе для гэтага гатовыя прапанаваць некалькі вольных плошчаў былых машынабудаўнічых прадпрыемстваў. На сустрэчы таксама абмяркоўвалася пытанне наладжвання доўгатэрміновага супрацоўніцтва па пастаўках у Гродзенскую вобласць з Украіны бялковай сыравіны (соі, сланечнікавага шроту, жмыху). Губернатар Гродзенскай вобласці Сямён Шапіра адзначыў, што ў рэгіёне размешчаны сучасныя прадпрыемствы па вытворчасці раслінных алеяў, магутнасці якіх на 50% вольныя (каля 200 тыс.т у год). Украінскі бок зацікавіўся прапановай арганізаваць пастаўку сыравіны ў Беларусь для перапрацоўкі з наступным продажам алею ў краіны Еўрасаюза. Прадстаўнікоў украінскай дэлегацыі таксама цікавіў вопыт гродзенскіх вытворцаў і перапрацоўшчыкаў малочнай прадукцыі, пытанні працы органаў самакіравання, вопыт па навядзенні парадку ў малых гарадах.