13 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віртуальную экскурсію па доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску цяпер можа здзейсніць кожны ахвотны, расказала карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Людміла Хмяльніцкая.
Для гэтага дастаткова зайсці на галоўную старонку музея ў Інтэрнэце і знайсці раздзел "Віртуальная экскурсія". Нябачны экскурсавод правядзе падарожніка-дамаседа па старых вуліцах Віцебска, звязаных з імем Шагала, - цяперашняй вуліцы Кірава, у часы Шагала якая насіла назву "Вакзальная"; па вуліцы Рэвалюцыйнай, якую мастак памятаў як Вялікую і Малую Ільінскую; і, вядома, па яго роднай Пакроўскай. Тут знаходзіцца дом-музей мастака, кожны пакой якога таксама адкрыты для віртуальнага прагляду. Як і на сапраўднай экскурсіі па доме-музеі пасля агляду экспазіцыі турыст адправіцца ва ўнутраны дворык, дзе растуць шагалаўскія яблыні, знаходзіцца помнік майстру працы віцебскага скульптара Валерыя Магутнага. Віртуальнаму падарожніку прадастаўляецца і яшчэ адна магчымасць: паглядзець дакументальны фільм "З вяртаннем, Марк Захаравіч".
Праект у год 125-годдзя з дня нараджэння Марка Шагала ажыццявілі музей сумесна з дацэнтам, загадчыкам кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.Машэрава, членам Беларускага саюза дызайнераў Валерыем Кулененкам.
Як спадзяецца Людміла Хмяльніцкая, віртуальная экскурсія не толькі пазнаёміць усіх ахвотных з экспазіцыяй музея, але і зацікавіць турыстаў так, каб у рэальнасці наведаць Віцебск і дом-музей знакамітага мастака.
БЕЛТА
Віртуальную экскурсію па доме-музеі Марка Шагала ў Віцебску можа здзейсніць кожны ахвотны
13.8.20120 праглядаў