9 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне змогуць убачыць Латвію з вышыні птушынага палёту, паведамілі БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск". Міністэрства замежных спраў Латвіі сумесна з Цэнтрам культуры "Віцебск" і яго філіялам "Цэнтр нацыянальных культур" арганізуюць выставу з інтрыгуючай назвай - "Латвія з вышыні птушынага палёту". Яе прэзентацыя адбудзецца 12 лістапада ў канцэртнай зале "Віцебск". Аўтар работ - фотамастак Юрыс Калныньш, які з 1995 года займаецца аэрафатаздымкай. Экспазіцыя ўключае 25 работ. Гэта толькі малая толіка аэрафатаздымкаў мастака, створаных на працягу дзесяці гадоў з ракурсаў, якія адкрываюцца ў працэсе палёту на паветраным шары, верталёце і самалёце. У цэнтры выставы - прыгажосць латвійскай прыроды: Балтыйскага мора, рэк, азёр, лясоў, лугоў і ніў, зафіксаваных фатографам ва ўсе чатыры поры года - вясной, летам, восенню і зімой. Наведвальнікі выставы змогуць убачыць лёсавызначальную раку Латвіі Даўгаву, старажытную даліну ракі Гаўі, край блакітных азёр Латгалію, а таксама адзін з малых гарадоў Латвіі Кулдыгу з яе старадаўнім цагляным мостам праз раку Вянту і самым шырокім вадаспадам Еўропы. Асобная частка экспазіцыі прысвечана сталіцы Латвіі Рызе і яе знакамітым славутасцям. Азнаёміцца з выставай, арганізаванай у рамках Дзён Латвіі ў Віцебску, можна будзе па 16 лістапада.-0-

БЕЛТА