6 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава вядомага ізраільскага фотамастака Леаніда Падруля адкрыецца 7 верасня ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гэтай установе культуры.
Экспазіцыя "Цень Іерусаліма" уключае 29 фоторабот, выкананых без якой-небудзь камп'ютарнай апрацоўкі. Кожная з іх прысвечана біблейскай гісторыі з усімі яе супярэчнасцямі, запаламі і пошукам вечных каштоўнасцей. З дапамогай цудоўных пейзажаў Іерусаліма, Мёртвага мора аўтар прадстаўляе святое святло старажытнага горада як цэнтр сусвету, які супрацьпастаўляецца змроку, цёмным, заганавым боку жыцця. Незвычайная прыгажосць фатаграфій захоплівае гледача, уцягваючы яго ў бясконцы дыялог аб сутнасці быцця. "Менавіта гэту мэту і праследуе сам мастак: праз пейзажы звярнуцца да ўнутранага свету чалавека, зацікавіць яго гісторыяй падзей, якія адбыліся ў біблейскія часы на зямлі Ізраіля і адбываюцца ў сучасным Ізраілі", - адзначылі ў музеі.
Выстава падрыхтавана пасольствам Дзяржавы Ізраіль у Беларусі. З ёй ужо пазнаёміліся жыхары Мінска і іншых беларускіх гарадоў. Віцябляне змогуць убачыць экспазіцыю да 7 кастрычніка.
Леанід Падруль, фотамастак, член Міжнароднай федэрацыі фотамастацтва пры ЮНЕСКА, жыве і працуе ў Ізраілі, дзе кіруе аддзелам фатаграфіі музея Эрэц-Ісраэль у Тэль-Авіве - найбуйнейшага археалагічнага музея краіны. З'яўляецца адным з лепшых майстроў стварэння суперскладаных пейзажаў. Яго работы з серыі "Пейзажы Мёртвага мора" былі апублікаваны ў галоўных фотачасопісах Ізраіля, Расіі, Тайланда, Даніі, Чэхіі, у часопісе National Geographic. Фільм пра фатографа і яго праект зняты для тэлеканала "Прырода".-0-
БЕЛТА
Віцябляне ўбачаць біблейскія пейзажы вядомага ізраільскага фотамастака Леаніда Падруля
6.9.20110 праглядаў