9 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцябляне правядуць сёння вялікую прыборку ў горадзе: напярэдадні Дня горада (будзе адзначацца 23-25 чэрвеня) і галоўнага летняга свята - Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" (з 12 па 18 ліпеня) у абласным цэнтры пройдзе суботнік, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Завадчане, работнікі прадпрыемстваў у гэты дзень будуць прыводзіць у парадак прылеглыя да сваіх прадпрыемстваў тэрыторыі. Работнікі розных арганізацый будуць заняты на добраўпарадкаванні вуліц, паркавых зон, сквераў. Пры гэтым сярод галоўных аб'ектаў - тэрыторыя гарадскога заапарка ў мікрараёне Білева і парк Пераможцаў. У парку папрацуюць і супрацоўнікі Віцебскага гарвыканкама. Частка жыхароў горада будзе працаваць на сваіх працоўных месцах. Чакаецца, што ў агульнагарадскім суботніку возьмуць удзел каля 100 тыс. чалавек. Заробленыя сродкі накіруюць на добраўпарадкаванне абласнога цэнтра.-0-

БЕЛТА