5 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. У Віцебску спынена нелегальная дзейнасць мясцовага жыхара, які спецыялізаваўся на абмене электронных грошай. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці.
У ходзе кантрольных мерапрыемстваў падаткоўцы звярнулі ўвагу на актыўнага віцябляніна, які ажыццяўляў абмен грамадзянам электронных грошай плацежнай сістэмы "Webmoney" праз Інтэрнэт і банкаўскія карткі. Як высветлілася, мужчына ажыццяўляў фінансавыя аперацыі без рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, а плацежныя карткі банкаў былі аформлены на падстаўных асоб. Праверкай устаноўлена, што з канца 2008 года па 2010 год уключна грамадзянін нелегальна зарабіў больш за Br83 млн.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў УДФР КДК Віцебскай вобласці ўзбуджана крымінальная справа па частцы 1 арт. 233 Крымінальнага кодэкса Беларусі (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).
Усяго за студзень-жнівень падатковымі органамі вобласці выяўлена больш за 1 тыс. фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты амаль 360 парушальнікаў, агульны памер штрафных санкцый перавысіў Br85 млн. Акрамя таго, больш за 600 грамадзян, якія ўпершыню трапілі ў поле ўвагі падатковых органаў у сувязі з ажыццяўленнем незарэгістраванай дзейнасці, атрымалі папярэджанні аб адміністрацыйнай адказнасці ў выпадку паўторнага парушэння заканадаўства. Па выніках праверак арыштавана тавараў і незаконна атрыманых даходаў на суму больш за Br950 млн.-0-
БЕЛТА
Віцяблянін нелегальна зарабіў за два гады на абмене электронных грошай больш за Br83 млн.
5.10.20110 праглядаў