31 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцяблянін асуджаны за збыт падробленых даляраў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва УБЭЗ УУС Віцебскага аблвыканкама.
У жніўні мінулага года работнік прыватнага гандлёвага прадпрыемства абласнога цэнтра атрымаў ад прыяцеля ў кошт пагашэння доўгу $1,5 тыс. Затым частку гэтай сумы перадаў іншаму знаёмаму ўжо ў якасці свайго доўгу. Калі апошні паспрабаваў абмяняць атрыманыя грошы ў банку, высветлілася, што яны падробленыя. Пастаўлены ў вядомасць аб гэтым факце асноўны фігурант справы ўсё роўна вырашыў выкарыстоўваць фальшыўкі і ў карыслівых мэтах пад выглядам разліку і перадачы ў доўг пачаў рэалізоўваць іх праз кола знаёмых іншым людзям. Супрацоўнікі праваахоўных органаў устанавілі чатыры такія факты.
За захоўванне і збыт падробленых грошай 33-гадовы мужчына прыгавораны па ч.1 арт.221 Крымінальнага кодэкса Беларусі да двух гадоў пазбаўлення волі без накіравання ва ўстанову папраўчага тыпу з канфіскацыяй маёмасці.
Усяго з пачатку гэтага года ў Віцебскай вобласці зарэгістравана 62 факты збыту падробленых грошай, па дзевяці з якіх устаноўлены падазроныя. За абарот фальшывых грашовых знакаў асуджаны два чалавекі.-0-
БЕЛТА
Віцяблянін асуджаны за збыт фальшывых даляраў
31.8.20120 праглядаў