3 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцяблянін за патрабаванне аплаціць праезд у грамадскім транспарце атрымаў удар нажом у сэрца. Пра гэта паведаміў сёння на брыфінгу начальнік аддзела аператыўна-дзяжурнай службы УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Прыстаўка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Удзень 29 кастрычніка мужчына, які ехаў у тралейбусе па праспекце Фрунзе, зрабіў заўвагу безбілетнаму пасажыру і запатрабаваў аплаціць праезд. Разгарэлы канфлікт удзельнікі вырашылі працягнуць у менш шматлюднай абстаноўцы, для чаго выйшлі на найбліжэйшым прыпынку і зайшлі ў адзін з двароў. Далей падзеі развіваліся імкліва: безбілетнік выхапіў сталовы нож, які меў пры сабе, усадзіў яго ў сэрца апанента і знік. Нягледзячы на цяжкае раненне, пацярпелы паспеў паведаміць па гарачай лініі 102 аб тым, што здарылася, работнікам міліцыі і назваць прыкметы крыўдзіцеля. Неадкладная рэакцыя супрацоўнікаў праваахоўных органаў дазволіла выратаваць жыццё параненага, а таксама аператыўна затрымаць нападніка, хоць той ужо паспеў пераапрануць куртку і шапку. За замах на забойства ў цяперашні час у дачыненні да непрацуючага і раней не судзімага віцябляніна ўзбуджана крымінальная справа. Вядзецца расследаванне.-0-

БЕЛТА