18 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Жыхарка Віцебска атрымала за незаконны гандаль на вуліцы адміністрацыйны штраф з канфіскацыяй тавару і аўтамабіля коштам Br64 млн. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Віцебскай вобласці. Пакаранне ў выглядзе канфіскацыі транспартнага сродку, які выкарыстоўваўся для незаконнай дзейнасці, судом ужыта ўпершыню ў бягучым годзе ў вобласці. У ходзе кантрольных мерапрыемстваў супрацоўнікі падатковых органаў выявілі факт незаконнага гандлю на вуліцы, пры гэтым парушальніца выкарыстоўвала аўтамабіль "Фальксваген Транспарцёр" для дастаўкі і захоўвання тавару. Па выніках праверкі тавар на суму больш Br12 млн. быў канфіскаваны, а на транспартны сродак накладзены арышт. Па рашэнні суда жанчына прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу на Br0,7 млн. з канфіскацыяй тавару і аўтамабіля, які выкарыстоўваўся для незаконнай дзейнасці. Дарэчы, парушальніца не з'яўлялася ўладальнікам машыны, уладальнік аўто (цяпер ужо былы) пражывае ў Віцебскім раёне. Сама віцяблянка неаднаразова трапляла ў поле ўвагі падатковых органаў, за перыяд з 2009 года жанчыну больш за 30 разоў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за незарэгістраваную прадпрымальніцкую дзейнасць. Усяго за студзень-верасень падатковымі інспекцыямі выяўлена больш за 1,1 тыс. фактаў незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці без дзярж рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, у тым ліку 350 фактаў незаконнага гандлю на вуліцах. З ценявога абароту канфіскавана тавараў, незаконна атрыманых даходаў, а таксама сродкаў здзяйснення правапарушэнняў на агульную суму звыш Br1 млрд. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты амаль 400 парушальнікаў, агульны памер штрафных санкцый склаў каля Br100 млн.-0-

БЕЛТА