1 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцяблянка заваявала ўзнагароду на прэстыжным песенным конкурсе ў Іспаніі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Цэнтры культуры "Віцебск".
З 14 па 21 чэрвеня ў горадзе Лларэт-дэ-Мар (Іспанія) прайшоў IX Міжнародны конкурс Opus-2013, у якім прынялі ўдзел выканаўцы з Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Казахстана, Расіі і іншых краін. Юная салістка ўзорнай дзіцячай студыі эстраднай песні "Форум" Цэнтра культуры "Віцебск" Вів'ен Сабі стала першай выканаўцай, якая прадставіла Беларусь на гэтым форуме. На іспанскай сцэне віцяблянка, якая выступала ў сярэдняй узроставай групе, выканала дзве кампазіцыі на рускай і англійскай мовах. Члены журы ацанілі яе выхады на сцэну другім месцам. "Поспех гэтых нумароў стаў магчымым дзякуючы не толькі таленту Вів'ен, але і нястомнай працы яе педагогаў: кіраўніка студыі "Форум" Таццяны Кірылавай, педагога па вакале Алены Гужавай, харэографа Аксаны Паласюк", - адзначылі ў ЦК "Віцебск".
Магчымасць удзельнічаць у песенным спаборніцтве ў Іспаніі прадстаўніца студыі "Форум" атрымала ў выніку перамогі ў міжнародным конкурсе вакалістаў "Залаты мікрафон", які праходзіў у красавіку ў Кастанаі (Казахстан). У выніку паспяховага выступлення ў конкурсе Opus-2013 Вів'ен Сабі заваявала не толькі дыплом лаўрэата і памятныя прызы, але і грант на ўдзел у міжнародным моладзевым фестывалі папулярнай музыкі і аўтарскай песні "Рыжская сімфонія", які пройдзе з 4 па 8 снежня ў Латвіі. "Хочацца спадзявацца, што пераможнае шэсце юнай салісткі па міжнародных музычных конкурсах прывядзе Вів'ен да таго, пра што яна ўжо даўно марыць, - удзелу ў міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск", які праводзіцца ў рамках "Славянскага базару ў Віцебску", - дадалі ў Цэнтры культуры.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)