Віцебск рыхтуецца адзначыць 130-годдзе Марка Шагала перформансамі і выставамі 7 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музеі Марка Шагала.
Віцебск рыхтуецца адзначыць 130-годдзе Марка Шагала перформансамі і выставамі 7 ліпеня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Музеі Марка Шагала.
Святкаванні юбілею пачаліся ўжо са студзеня. Спачатку адкрылася выстава, прысвечаная нямецкаму мастаку Герману Штруку, у якога ў 1922 годзе Шагал навучаўся мастацтву гравюры. Затым адбылася прэзентацыя IV Шагалаўскага зборніка. Напярэдадні майскіх святаў у Арт-цэнтры запрацавала выстава "130 гадоў - 130 шэдэўраў. Рэтраспектыва творчасці Марка Шагала са збору музея". 8 чэрвеня адбылася прэзентацыя арт-праекта Віктара Барысенкава, які ў сваіх працах пры дапамозе сумяшчэння фатаграфій, зробленых з інтэрвалам у стагоддзе, паказаў, як змяніліся шагалаўскія мясціны. А днямі пераўтварылася і вуліца Пакроўская, на якой размешчаны Дом-музей Шагала. На парканах і фасадах з'явіліся паэтычныя і празаічныя цытаты мастака, якія, з аднаго боку, служаць арт-аб'ектам, а з другога - прымушаюць зірнуць на Віцебск па-новаму ў спробе зразумець вытокі неверагоднай любові і тугі мастака па малой радзіме. Прэзентацыя роспісу з паэтычным прысвячэннем Шагалу "Да майго горада Віцебска" стане часткай мерапрыемстваў у гэту пятніцу.
Пачнуцца ўрачыстасці паказам дакументальнай стужкі "Марк Шагал. Нерэальная рэальнасць" (Беларусфільм, 2012) у Доме кіно а 13.00. Затым у Мастацкім музеі адкрыецца выстава фотадакументаў з фондаў абласнога краязнаўчага музея. Нацыянальны акадэмічны драмтэатр імя Якуба Коласа пакажа спектакль "Шагал. Шагал..." - вядомую пастаноўку Віталя Баркоўскага, якая атрымала некалькі прэстыжных прэмій на міжнародных фестывалях.
Да 16.00 урачыстасці перамесціцца на вуліцу Пакроўскую, дзе пасля ўскладання кветак да помніка Шагалу адбудзецца тэатралізаванае шэсце. "Уся вуліца нібы ажыве: будуць і музыкі, і мастакі, і танцоры, і акрабаты. Марк і Бела праедуць у брычцы да самага дома-музея, у двары якога пачнецца свята-гулянне. Калектыў "Шалом" з Ліды ўладкуе канцэрт клезмерскай (вулічнай яўрэйскай) музыкі. А крыху пазней на гэтай жа пляцоўцы ўпершыню пад адкрытым небам будзе паказаны спектакль "Шагал. Зыход" Беларускага тэатра "Лялька", - распавяла дырэктар Музея Марка Шагала ў Віцебску Ірына Варонава.
І яшчэ адно незвычайнае дзеянне рыхтуецца на тэрыторыі культурна-гістарычнага комплексу "Залатое кальцо горада Віцебска "Дзвіна". Гасцей, якія прыйдуць а 19.00, чакае арт-перформанс "Васільковае неба": атмасфера пачатку XX стагоддзя, ажылыя карціны Шагала - ад скрыпачоў на даху да закаханых над горадам; абяцаюць нават інсцэніроўку тушэння пажару.