Віцебск 26-30 чэрвеня адзначыць сваё 1045-годдзе і 75-годдзе вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, паведамілі БЕЛТА ў гарвыканкаме.
Стартуе святкаванне 26 чэрвеня ускладаннем вянкоў і кветак да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебскай вобласці на плошчы Перамогі, а таксама ўручэннем юбілейных медалёў "75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". На вул. 1-я Даватара адбудзецца адкрыццё мемарыяльнай дошкі Дзмітрыю Мясаедаву, які першым падчас вызвалення горада узняў у Віцебску савецкі сцяг. Завершыць гэты дзень канцэрт ваенна-патрыятычнай песні на плошчы Перамогі.
У наступныя дні сярэдняй школе №46 будзе прысвоена імя двойчы Героя Савецкага Саюза Івана Баграмяна, у Летнім амфітэатры гледачоў чакае вялікі канцэрт і ўшанаванне лаўрэатаў прэміі "Віцяблянін года". Аўтапрабег "Мой любімы горад" па магістралях Віцебска, які фінішуе на плошчы Перамогі, парадуе аматараў выставай рэтрааўтамабіляў. Тут жа пройдуць гарадскі конкурс імя Фёдара Махнова на самага высокага чалавека, малюнкаў на асфальце, парад дзіцячых калясак і канцэрт. А каля моста Блохіна праз Заходнюю Дзвіну клубы гістарычнай рэканструкцыі адновяць падзеі бою за Віцебск 1944 года.
30 чэрвеня на плошчы Перамогі пройдзе Дзень моладзі з велапрабегам і паказальнымі выступленнямі фітнес-клубаў. Увечары гасцей чакае запальны гала-канцэрт адкрытага маладзёжнага фестывалю харэаграфіі.