Віцебск адзначыць сваё 1043-годдзе шырокамаштабнымі мерапрыемствамі 23-25 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА у гарвыканкаме.
Віцебск адзначыць сваё 1043-годдзе шырокамаштабнымі мерапрыемствамі 23-25 чэрвеня, паведамілі БЕЛТА у гарвыканкаме.
Стартуе святкаванне 23 чэрвеня адкрыццём новага тралейбуснага маршруту і дзвюх скульптурных кампазіцый, а завершыць гэты дзень вялікі канцэрт і ўшанаванне лаўрэатаў прэміі "Віцяблянін года" у Летнім амфітэатры. Аўтапрабег "Мой любімы горад" па магістралях Віцебска, які фінішуе на плошчы Перамогі, адкрые другі дзень мерапрыемстваў. Тут жа разгорнецца выстава рэтра-аўтамабіляў, спаборніцтвы і паказальныя выступленні па кросфіце, свята гарадской газеты "Віцьбічы" (конкурс на самага высокага чалавека імя Фёдара Махнова, конкурсы дзіцячых калясак і малюнкаў на асфальце). Увечары праграма "У моладзевых рытмах Віцебска" зацягне на плошчу аматараў патанцаваць. І позні феерверк азнамянуе не заканчэнне гулянняў, а толькі анансуе маючы адбыцца нядзельны Дзень моладзі. 25 чэрвеня на плошчы Перамогі будуць працаваць пляцоўкі "МоладзьPROЗОЖ" ад розных арганізацый і кампаній: выстава аўтамабіляў; кросфіт ад Family fitness club CrossMax; Street Workout; фотазона "Я на Дне моладзі", фотасушка і іншыя. Лазертаг клуб Colt прапануе жадаючым ператварыцца ў Рэмба, а ўпэўненыя ў сабе велааматары змогуць паўдзельнічаць у конкурсным прабегу "BIKE Віцебск" і конкурсе ВелоLook. Увечары перад гараджанамі выступяць удзельнікі адборачных тураў моладзевых конкурсаў "Агонь танца" і "Бітва DJ".
Свае праграмы рыхтуюць і ўстановы культуры, малыя пляцоўкі горада. Запланаваны літаратурныя святы да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, выставы-кірмашы бібліятэк і ўстаноў адукацыі, рамесныя кірмашы, вернісажы, музычныя імправізацыі, прадстаўленні тэатральных калектываў, майстар-клас па бальных танцах, рок-канцэрт і іншае. На плошчы Тысячагоддзя размесціцца гістарычны лагер, а ў парку Фрунзе клубы гістарычнай рэканструкцыі адновяць падзеі Віцебска-Аршанскай аперацыі па выратаванні моста Ф. Блохіна. 24 чэрвеня каля Свята-Успенскага кафедральнага сабора пройдзе свята званоў. І нават абяцана пераклічка званоў паміж храмамі гістарычнага цэнтра горада. У гэтыя дні будзе арганізавана трамвайная экскурсія па Віцебску і прагулкі на цеплаходзе па Заходняй Дзвіне. Пройдуць урбаністычны форум "Прастора" з лэнд-арт пленэрам, семінарам і фестывальнай праграмай, міжнародны турнір па інтэлектуальных гульнях "Кубак княгіні Вольгі", конкурс фатаграфіі ім. С. Юркоўскага "Фотакрок", літаратурна-музычнае свята "Барадулінкі" і яшчэ шмат чаго.
Прадстаўнікі грамадскасці, ветэраны, моладзь ускладуць кветкі і вянкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебскай вобласці, адзначыўшы такім чынам 73-годдзе вызвалення Віцебска ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў Вялікай Айчыннай вайне.