14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебск прапануе гарадам-партнёрам стварыць Сетку гарадоў у Інтэрнэце. Прэзентацыя праекта пройдзе на міжнародным інвестыцыйным форуме ў Віцебску, расказала карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела эканомікі Віцебскага гарвыканкама Алена Жураўлева. Праект прадугледжвае стварэнне старонак пра гарады-партнёры з інфармацыяй, карыснай і неабходнай шырокаму колу карыстальнікаў: ад цікаўных турыстаў да сур'ёзных бізнесменаў. Першымі ўдзельнікамі сеткі сталі латвійскія гарады Даўгаўпілс і Валміера. Гэта будзе не адзіны праект інвестыцыйнага форуму, які зацікавіць гасцей, упэўнена Алена Жураўлева. Свае праекты на форуме прадставяць фармацэўтычнае прадпрыемства, ААТ "Даламіт", прадпрыемствы мяса-малочнай прамысловасці. Выставачныя ўзоры прадукцыі прадпрыемстваў швейнай прамысловасці Віцебска можна будзе не толькі паглядзець, але і купіць. Удзельнікамі экспазіцыі нароўні з прадпрыемствамі Віцебска стануць суб'екты гаспадарання вобласці. Падчас інвестыцыйнага форуму будзе арганізавана кантактна-кааперацыйная біржа для падпісання пратаколаў, дагавораў, планаў мерапрыемстваў па супрацоўніцтве. Па словах Алены Жураўлевай, цікавасць да форуму праявілі гарады-партнёры, замежныя дэлегацыі і госці, у тым ліку з Хаскава (Балгарыя), Рэзекнэ (Латвія), Зялёнай Гуры (Польшча), Ступіна, Смаленск (Расійская Федэрацыя), прадстаўнікі замежных амбасад у Беларусі. Міжнародны інвестыцыйны форум пройдзе ў Віцебску 25 чэрвеня, ён прымеркаваны да святкавання 1038-годдзя з дня заснавання горада.-0-

БЕЛТА