На плошчы Перамогі ў Віцебску адбыўся памятны мітынг, прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Так Віцебск сустрэў удзельнікаў аўтаматапрабегу «На варце памяці Вялікага подзвігу!», арганізаванага Міністэрствам унутраных спраў Беларусі.

Кіраўніцтва аблвыканкама, МУС, УУС, ветэраны, кадэты і выхаванцы ваенна-патрыятычных класаў сустрэлі ўдзельнікаў памятнага мерапрыемства ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны.

Міністр унутраных спраў генерал-лейтэнант міліцыі Іван Кубракоў адзначыў, што Віцебшчына ўнесла неацэнны ўклад у вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Больш за 700 міліцыянераў паўночнага рэгіёну гераічна адбівалі атакі ворага, змагаючыся ў рэгулярнай арміі, у партызанскіх атрадах і апергрупах.

– Гераічную старонку ў гісторыю Віцебскай міліцыі ўпісаў міліцэйскі полк пад камандаваннем Аляксандра Радзюка, які знішчыў 50 бронемашын ворага. Назаўжды ў летапіс будзе запісана і імя капітана міліцыі Віктара Ландычэнкі, які за паспяхова праведзеныя ім разведвальныя аперацыі, удзел у баях па вызваленні Полацка і Прыбалтыйскіх Рэспублік, быў узнагароджаны ордэнамі Славы ўсіх ступеняў. Многія воіны не дажылі да Вялікай Перамогі. Яны даказалі вернасць прынятай прысязе вельмі дарагой цаной, цаной уласнага жыцця, – падкрэсліў Іван Кубракоў. – Віцебская зямля сапраўды багата амыта крывёю салдат, якія вызвалялі нашу краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мэта нашага аўтаматапрабегу – перадаць гэту памяць маладым пакаленням. І, пакуль да такіх мемарыялаў будуць прыходзіць нашы дзеці, патрыятычныя клубы, курсанты, забыць гісторыю і герояў Вялікай Айчыннай вайны будзе немагчыма. Мы зробім усё для таго, каб забяспечыць мір і бяспеку на нашай роднай зямлі.

Старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што рады вітаць удзельнікаў аўтаматапрабегу на свята працы на гераічнай віцебскай зямлі.

– 80 гадоў таму была перагорнута апошняя старонка самай крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва. Але, колькі б часу ні прайшло, мы ніколі не забудзем подзвігу нашых бацькоў і дзядоў, якія крывёю адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы. Мы з радасцю і гордасцю ўспамінаем пераможную вясну 1945 года, але ў той жа час у сэрцы кожнага рэхам адгукаецца боль і пакуты, якія прынесла вайна, – сказаў Аляксандр Субоцін. – Віцебшчына з першых дзён акупацыі стала адным з цэнтраў вялікай бітвы і за гады вайны страціла кожнага трэцяга жыхара. Ніколі не памеркне бляск баявых ордэнаў і медалёў, не згасне вечны агонь на брацкіх магілах і ў сэрцах нашчадкаў Перамогі назаўжды застануцца імёны абаронцаў нашай Айчыны. Сёння мы працягваем іх слаўныя справы. Няхай Дзень Перамогі назаўжды застанецца крыніцай гонару за пераможцаў.

Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да мемарыяла.

Заўтра яны наведаюць Мемарыяльны комплекс «Хатынь», Курган Славы ў Гродне, а канечным пунктам двухдзённага маршруту стане Брэсцкая крэпасць-герой.

vitebsk-region.gov.by