Віцебск 24 сакавіка далучыцца да міжнароднай акцыі па беражлівых адносінах да прыродных рэсурсаў мерапрыемствам "Гадзіна Зямлі ў Віцебску: горад пры свечках", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Віцебск 24 сакавіка далучыцца да міжнароднай акцыі па беражлівых адносінах да прыродных рэсурсаў мерапрыемствам "Гадзіна Зямлі ў Віцебску: горад пры свечках", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Беларусь сёлета ў дзясяты раз будзе ўдзельнічаць у міжнароднай экалагічнай акцыі "Гадзіна Зямлі". Сэнс мерапрыемства ў тым, каб на адну гадзіну, з 20.30 да 21.30, адключыць святло і непатрэбныя электрычныя прыборы. Чакаецца, што ў нашай краіне гэты заклік падтрымаюць неабыякавыя жыхары Мінска, Баранавічаў, Брэста, Віцебска, Гомеля, Камянца, Полацка, Пінска, Шуміліна. Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў "Прастора" ў Віцебску разнастаіць праграму акцыі дадатковымі актыўнасцямі.
Усе ахвотныя з 18.00 змогуць, зарэгістраваўшыся загадзя, паўдзельнічаць у інтэлектуальным квiзе "Жывая планета". Пасля сімвалічнага адключэння святла пачнецца белая экавечарынка "Горад пры свечках". Арганізатары просяць удзельнікаў акцыі прыйсці ў белым адзенні або з белымі аксэсуарамі, што стане сімвалам чысціні прыроды. На вечарынцы выступяць удзельнікі музычна-эстэтычнага праекта ЕCCO SQUAD, які спалучае ў сваіх dj сетах энергічныя танцавальныя рытмы і светлую бязважкую атмасферу прыроды. "Даўно задуманы фармат хлопцы ажыццявілі ўпершыню ў 2017 годзе, выступіўшы ў падтрымку віцебскага II Урбан арт-форуму "Прастора", які быў уключаны ў праграму Дня горада. Музыка фармату chillwave і ambient злучылася з аб'ёмнымі гукамі прыроды ў парку імя Фрунзе", - патлумачыла дырэктар цэнтра "Прастора" Аксана Кузіна.
"Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў "Прастора" трэці год прымае актыўны ўдзел у акцыі "Гадзіна Зямлі". Сёлета яна паўсюдна пройдзе 24 сакавіка, арганізатары прапануюць звярнуцца да пытання таго, як прырода звязана з людзьмі і змяненнем клімату і як змяненне клімату ўплывае на прыроду.
Сёння "Гадзіна Зямлі" - гэта самая масавая экалагічная акцыя на планеце. Да яе далучаюцца больш за 2 млрд чалавек са 184 краін і 7 тыс. гарадоў. Яе праводзіць Сусветны фонд дзікай прыроды (WWF), у Беларусі арганізатарам выступае экалагічнае таварыства "Зялёная сетка".