27 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская абласная філармонія адкрые новы канцэртны сезон у Міжнародны дзень музыкі прэзентацыяй сваіх творчых магчымасцей, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ.
Увечары 1 кастрычніка прыхільнікі класічнай музыкі змогуць пазнаёміцца з усімі творчымі калектывамі і выканаўцамі філармоніі. Так, у холе наведвальнікаў будзе сустракаць камерны аркестр, на другім паверсе яны змогуць атрымаць асалоду ад выступленняў ансамбля "Расіца" і вакалістаў філармоніі. Гонар адкрыць сёлетні сезон прадастаўлены вядомаму актату балалаек "Віцебскія віртуозы" пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Тамары Шафранавай. Яго адметнай асаблівасцю з'яўляецца па-сапраўднаму аркестравае гучанне, якое дасягаецца за кошт майстэрску зробленых Тамарай Шафранавай інструментовак і найскладанейшых партый для ўсіх інструментаў. "Каб падарыць максімальнае задавальненне нашым гледачам, гэты канцэрт будзе вакальна-інструментальным", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ.
Пад непаўторную ігру "Віцебскіх віртуозаў" выступяць саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, лаўрэат міжнародных конкурсаў Андрэй Марозаў (барытон) і салістка Віцебскай абласной філармоніі Аксана Новікава (сапрана), якія выканаюць старадаўнія рускія рамансы, народныя песні і неапалітанскія кампазіцыі.
Касаючыся планаў на новы сезон, Нэлі Мацаберыдзэ адзначыла, што ў ім працягнецца практыка правядзення абанементных канцэртаў. Так, юныя гледачы зноў сустрэнуцца з праектам "ФаСолька запрашае", будучыя мамы, якія чакаюць дзяцей, запрашаюцца на канцэрты "Сткаць душу з нот". Таксама пройдзе цыкл канцэртаў арганнай музыкі.
"Філармонія застаецца вернай сваёй канцэпцыі: папулярызаваць класічную музыку. Гэта ярка бачна на прыкладзе любога канцэрта сёлетняга сезона. Пры гэтым кожны з іх мы пастараліся зрабіць максімальна цікавым для нашых гледачоў", - заключыла Нэлі Мацаберыдзэ.-0-
БЕЛТА
Віцебская філармонія адкрые новы сезон у Міжнародны дзень музыкі
27.9.20110 праглядаў