Віцебская абласная філармонія 22 мая адзначыць сваё 30-годдзе гала-канцэртам з удзелам салістаў і вядучых калектываў установы, паведаміў журналістам мастацкі кіраўнік філармоніі Уладзімір Бабарыка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэты дзень адбудуцца два мерапрыемствы. Святкаванне пачнецца гала-канцэртам а 19.00. Новая праграма, у якой возьмуць удзел усе салісты і вядучыя калектывы філармоніі, стваралася на працягу ўсяго канцэртнага сезона. Сярод удзельнікаў - сімфанічны аркестр філармоніі і актаэт балалаек "Віцебскія віртуозы".
Бліжэй да ночы, а 22.00, пройдзе канцэрт эстраднай музыкі "Ноч у стылі рэтра", дзе прагучаць хіты 1980-90-х гадоў. Філармонія вернецца ў часы кіслотных лосін, выклікаючага макіяжу і выбуховых прычосак. "Тыя, каму ў маі спаўняецца 30 гадоў, змогуць наведаць гэты канцэрт бясплатна пры прад'яўленні пашпарта", - дадаў Уладзімір Бабарыка.
Акрамя таго, 24 мая адбудзецца святкаванне яшчэ адной даты - 25-годдзя ансамбля танца, музыкі і песні "Талака". За чвэрць стагоддзя калектыў стаў брэндам не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Кожны канцэрт "Талакі" - гэта яркае шоў, касцюміраваная музычна-харэаграфічная феерыя з жывым гучаннем народных песень і найгрышаў, апрацовак і сачыненняў, напісаных спецыяльна для ансамбля. "Для нашага калектыву гэта вялікая падзея. Новую праграму назвалі "Базар вялікі", дзе будзе два аддзяленні: у першым пакажам новыя пастаноўкі, у другім сабраны некалькі лепшых нумароў з рэпертуару. Паспрабуем гледачу данесці прыгажосць беларускага фальклору, перадаць дух народнай культуры і ўсяго нацыянальнага", - дадаў мастацкі кіраўнік ансамбля заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Мікалай Падаляк.
Віцебская абласная філармонія ўтворана ў 1989 годзе на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Беларускай дзяржаўнай філармоніі па Віцебскай вобласці. Установа была заклікана прапагандаваць класічную музыку, папулярызаваць нацыянальную культуру і сусветныя выканальніцкія школы. У цяперашні час абласная філармонія мае вялікую залу на 424 і малую залу на 100 пасадачных месцаў. Зала абсталявана канцэртным роялем Steinway&Sons і духавым арганам нямецкай фірмы Glatter-Gоtz. Усё гэта дазваляе запрашаць выканаўцаў сусветнай велічыні. Кожны год філармонія праводзіць каля 600 канцэртаў.-0-