20 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Дэпутаты Віцебскага абласнога Савета на чарговай сесіі прынялі рашэнне прасіць Савет міністраў унесці Прэзідэнту Беларусі прапанову аб змяненні межаў Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прадстаўляючы праект рашэння, начальнік Віцебскай абласной землеўпарадкавальнай службы Ігар Ляўенкоў растлумачыў, што гаворка ідзе аб змяненні межаў Аршанскага раёна Віцебскай вобласці і суседняга з ім Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Як аказалася, межы адміністрацыйных тэрыторый вызначаны такім чынам, што ўкліньваюцца ў суседнія раёны, гэта дастаўляе нязручнасці, напрыклад пры апрацоўцы сельскагаспадарчых угоддзяў, прыводзіць да нерацыянальных марнатраўстваў матэрыяльных рэсурсаў.
У выніку змянення адміністрацыйных межаў Шклоўскаму раёну Магілёўскай вобласці адыдуць 142,93 га зямлі, якія знаходзяцца цяпер у межах Зубрэвіцкага і Усцінскага сельскіх Саветаў, а Аршанскаму раёну будуць перададзены 244,45 га зямель Шклоўскага. Гэтыя землі аднолькавыя па бальнасці ўрадлівасці, на іх няма населеных пунктаў. Па словах Ігара Ляўенкова, такі абмен дазволіць упарадкаваць землекарыстанне.
У адпаведнасці з заканадаўствам змяненні адміністрацыйных межаў падтрыманы дэпутатамі сельскіх, раённых і абласных Саветаў і перадаюцца ў Саўмін для прадстаўлення праекта на разгляд кіраўніку дзяржавы.-0-
БЕЛТА
Віцебская і Магілёўская вобласці маюць намер абмяняцца землямі
20.12.20110 праглядаў