18 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Абласное зімовае культурна-спартыўнае свята "Віцебская лыжня-2012" сабярэ сёння прыхільнікаў здаровага ладу жыцця, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім гарвыканкаме. Мерапрыемства, арганізаванае ў рамках рэспубліканскага спартыўнага свята "Беларуская лыжня-2012", пройдзе ў Комплексе культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі. Насычаная праграма нікому не дасць засумаваць: запланаваны выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, ваеннага аркестра, паказальныя нумары навучэнцаў коннаспартыўнай школы "Пягас", воінаў-дэсантнікаў, супрацоўнікаў МНС і ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама, розыгрыш латарэй. У гасцей і ўдзельнікаў свята будзе магчымасць не толькі ўбачыць шмат цікавага, але і праверыць уласныя сілы ў зімовых забавах і конкурсах. Іх запрасяць паўдзельнічаць у спаборніцтвах па міні-футболе на снезе, дартсе, армрэстлінгу, гіравым спорце, перацягванні каната, праходжанні паласы перашкод. Самыя стойкія і спартыўныя выйдуць на старт лыжных гонак. У забегах на розныя віды дыстанцыі пазмагаюцца каманды, якія прадстаўляюць розныя ўстановы адукацыі, спорту, культуры, прадпрыемствы, арганізацыі горада, а таксама органы ўлады. Пераможцы будуць адзначаны прызамі. Арганізатары паклапаціліся і пра тое, каб ніхто не змерз: гарачы чай і шмат усяго смачнага ўдзельнікам "Віцебскай лыжні" прапануюць шматлікія гандлёвыя кропкі і ваенна-палявая кухня.-0-

БЕЛТА