18 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская міліцыя гатова да сустрэчы з ваяўнічымі фанатамі сербскага футбольнага клуба "Црвена Звезда", запэўніў карэспандэнта БЕЛТА намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама Ігар Скорынавіч.
На цэнтральным стадыёне ў Віцебску 19 ліпеня адбудзецца 2-і кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы, у якім згуляюць наваполацкі "Нафтан" і "Црвена Звезда". Паводле папярэдніх даных, у Віцебск збіраюцца прыехаць ад 500 да 3 тыс. заўзятараў сербскага клуба. Прычым гэта не толькі сербскія фанаты, але і фанаты маскоўскага "Спартака". Заўзятары гэтых клубаў, а таксама грэчаскага "Алімпіякоса" ўваходзяць у найбуйнейшае ў Еўропе аб'яднанне футбольных фанатаў, якое славіцца сваімі агрэсіўнымі выхадкамі, у тым ліку і ў дачыненні да паліцэйскіх.
Па словах Ігара Скорынавіча, сёння каля поўдня сербскія футбалісты прыляцяць у Віцебск. Разам з імі на борце знаходзяцца каля 70 заўзятараў. Яшчэ два дзясяткі фанатаў ужо перасеклі беларускую мяжу ў Брэсце і набліжаюцца да Віцебска. Такої колькасці замежных фанатаў на матчах у Віцебску яшчэ не было.
Ведаючы пра агрэсіўнасць сербскіх заўзятараў, віцебская міліцыя прыведзена ў поўную гатоўнасць. Дадатковую дапамогу ёй акажа мінскі АМАП.
У футбольным клубе "Нафтан" паведамілі, што іх заўзятары таксама збіраюцца на матч. Паводле папярэдніх даных, імі будзе занята каля паловы васьмітысячнай трыбуны.-0-
БЕЛТА
Віцебская міліцыя гатова да сустрэчы з ваяўні
18.7.20120 праглядаў