З двухдзённым афіцыйным візітам у Віцебску пабываў Часовы Павераны ў справах Каралеўства Нідэрландаў у Рэспубліцы Беларусь Хенрыкус Іаханесван Оостэрхоўт.

З двухдзённым афіцыйным візітам у Віцебску пабываў Часовы Павераны ў справах Каралеўства Нідэрландаў у Рэспубліцы Беларусь Хенрыкус Іаханесван Оостэрхоўт.

Наш абласны цэнтр стаў першым рэгіянальным горадам, які наведаў афіцыйны прадстаўнік гэтай дзяржавы ў Заходняй Еўропе на пасадзе кіраўніка дыпмісіі. «Чаму прыярытэт аддадзены Віцебску?» — пацікавіліся журналісты.

– Напачатку, прыярытэтны напрамак – развіццё супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі дзвюх краін. Па-другое, Віцебск і Нідэрланды звязваюць імёны вядомага скульптара Асіпа Цадкіна (у Ратэрдаме ўсталяваны помнік «Разбураны горад», у Зюндэрце – братам Ван Гог працы Цадкіна. – Заўв. аўт.), Лазара Лісіцкага (У Эйндховене ў Музеі ван Абэ знаходзіцца самая вялікая па-за межамі Расіі калекцыя мастака, а ў Беларусі – ніводнага твора. – Заўв. аўт.) і, вядома ж, любоў да творчасці Марка Шагала, – растлумачыў Хенрыкус Іаханесван Оостэрхоўт.

У першы дзень афіцыйны госць наведаў музей і Арт-цэнтр Марка Шагала, а другі пачаў з дзелавой сустрэчы з намеснікам старшыні аблвыканкама Уладзімірам Пяніным, прадстаўнікамі камітэта эканомікі і ўпраўлення культуры.

Акцэнт у размове быў зроблены на развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, якое, як адзначыў Уладзімір Пянін, пакуль не радуе вынікамі. За апошні год тавараабарот паміж Віцебскай вобласцю і Нідэрландамі знізіўся і склаў крыху больш за 92 млн долараў, з іх большую частку займае экспарт нафтапрадуктаў, а таксама ільняных тканін, аптычных прыбораў, электрычнай апаратуры, прадукцыі дрэваапрацоўкі.

Асновай імпарту з Нідэрландаў з'яўляюцца садавіна, агародніна, кветкі, насенне агародніны, лекавыя сродкі, парашок і алей какава, абсталяванне для перапрацоўкі мяса і птушкі. На тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск» працуюць два прадпрыемствы з нідэрландскім капіталам – «Модэрн-экспа» і «Модэрн-Трэйдынг», якія вырабляюць высокатэхналагічнае гандлёвае абсталяванне.

Абодва бакі выказалі жаданне пашыраць дзелавыя сувязі ва ўсіх сферах сацыяльна-эканамічнага развіцця. Падводзячы вынікі сустрэчы, намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны адзначыў, што пакуль у Нідэрландах мала інфармацыі аб інвестыцыйных магчымасцях Віцебшчыны, таму праз прадстаўнікоў пасольства запрасілі замежныя кампаніі прыняць удзел у міжнародным эканамічным форуме, які пройдзе ў нашым абласным цэнтры ў маі.

– Мы пастараліся растлумачыць перспектывы развіцця супрацоўніцтва ў такіх інавацыйных сферах, як электроніка, машынабудаванне, сельская гаспадарка, нафтахімія, дрэваапрацоўка. Усе яны вельмі важныя для Віцебшчыны, – сказаў Канстанцін Чорны.

Размова ішла і пра культурныя праекты. У прыватнасці, у Музеі гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча да кіраўніка дыпмісіі звярнуліся з просьбай дапамагчы арганізаваць выставу вучня Юрыя Пэна, паплечніка Казіміра Малевіча, аднаго з выкладчыкаў ВНМВ Лазара Лісіцкага са збору музея ў Эйндховене.

Хенрыкус Іаханесван Оостерхоўт таксама сустрэўся з кіраўніцтвам Віцебскага гарвыканкама, пагуляў па горадзе і зрабіў, па яго словах, нямала прыгожых здымкаў.