Віцебская вобласць і Вялікабрытанія маюць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва
Віцебская вобласць і Вялікабрытанія маюць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва. Пра гэта заявіла журналістам пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Жаклін Перкінс пасля сустрэчы з кіраўніцтвам аблвыканкама, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Наведванне Віцебска стала першым афіцыйным візітам пасла за межамі Мінска. Дыпламат выбрала Віцебскую вобласць з-за яе размяшчэння - рэгіён мяжуе і з Еўрапейскім саюзам, і з Расіяй. "Ёсць вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва паміж Вялікабрытаніяй і Віцебскай вобласцю. Асноўныя сферы - гэта эканоміка і гандаль. Але вельмі важна развіваць сувязі не толькі на эканамічным і палітычным узроўнях, але і культурныя адносіны", - сказала Жаклін Перкінс.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч адзначыў, што тавараабарот паміж беларускім рэгіёнам і Злучаным Каралеўствам трэба павялічваць. Ён таксама запрасіў пасла і брытанскія кампаніі прыняць удзел у міжнародным эканамічным форуме "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы", які штогод праходзіць у Віцебску.
Дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва і Музея гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча Андрэй Духоўнікаў распавёў, што з ім звязаўся вядомы архітэктар Цзывай Рафаэль Со, аўтар драўлянага беларускага храма ў Лондане. "Ён прапанаваў стварыць платформу па супрацоўніцтве еўрапейскіх архітэктараў, мастакоў Віцебска і нашага музея. Ёсць ідэя праекта, які можа быць рэалізаваны ў 2020-2021 гадах у горадзе, - 10-дзённы пленэр-сімпозіум. Ёсць падтрымка з боку беларускага пасольства ў Вялікабрытаніі", - дадаў дырэктар. Жаклін Перкінс запэўніла, што пасольства Злучанага Каралеўства гатова разгледзець гэту прапанову больш падрабязна і па магчымасці дапамагчы.