22 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама і Віцебскае абласное ўпраўленне МНС ініцыююць вяртанне ў абавязковую школьную праграму курса "Асновы бяспечнай жыццядзейнасці" (АБЖ). Пра гэта сёння на сумесным брыфінгу паведамілі начальнік Віцебскага УМНС Васіль Чакан і першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Леанід Сцяпанаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Цяпер у школах існуе факультатыўны курс "Асновы бяспечнай жыццядзейнасці", аднак веды дзяцей не ацэньваюцца, што зніжае адказнасць пры вывучэнні гэтага прадмета, лічыць Леанід Сцяпанаў. Як правіла, у школах факультатыў вядуць настаўнікі, якія не маюць спецыялізацыі па гэтым прадмеце, і выкладанне зводзіцца да тэарэтычных ведаў без прымянення іх на практыцы. "Разам з тым увядзенне курса ў абавязковую школьную праграму павысіла б веды навучэнцаў аб самым галоўным - аб уласным жыцці", - упэўнены ён. У школах распрацаваны праграмы курса АБЖ, маюцца вучэбныя дапаможнікі з 1 па 11 класы. Па словах Леаніда Сцяпанава, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт гатовы весці перападрыхтоўку настаўнікаў па АБЖ. Начальнік УМНС Васіль Чакан таксама ўпэўнены ў неабходнасці аднаўлення прадмета АБЖ у агульнаадукацыйных навучальных установах. Па яго словах, тэсціраванне навучэнцаў, праведзенае ў адной са школ вобласці, паказала, што вучні старэйшых класаў не маюць дастатковых тэарэтычных ведаў па асновах бяспечнай жыццядзейнасці (практычныя веды не ацэньваліся). Па словах Васіля Чакана, пры ўвядзенні курса АБЖ у абавязковую праграму супрацоўнікі МНС гатовы аказаць практычную дапамогу педагогам у навучанні дзяцей. Ініцыятыва двух упраўленняў у бліжэйшы час будзе накіравана ў Міністэрства адукацыі.-0-

БЕЛТА