На сумесным пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, якое прайшло 7 лістапада ў абласным цэнтры, былі абраны члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, якія будуць працаваць ад Віцебскай вобласці ў палаце тэрытарыяльнага прадстаўніцтва.

На сумесным пасяджэнні дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, якое прайшло 7 лістапада ў абласным цэнтры, былі абраны члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, якія будуць працаваць ад Віцебскай вобласці ў палаце тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. У мерапрыемстве прыняў удзел 621 народны абраннік з усіх раённых і гарадскіх органаў прадстаўнічай улады вобласці.

Прадстаўляць абласны цэнтр другі раз даверана дырэктару тэлерадыёкампаніі «Віцебск» Алене Панцюховай. Членам Савета Рэспублікі ад Аршанскага і Дубровенскага раёнаў абраны начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, ад Віцебскага, Гарадоцкага, Лёзненскага і Шаркаўшчынскага раёнаў — рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Анатоль Шчасны. Гэтыя тры сенатары з'яўляюцца членамі Савета Рэспублікі шостага склікання.

Сярод тых, каго рэгіёны вылучаюць упершыню сваімі прадстаўнікамі, ёсць тры дэпутаты абласнога Савета. Гэта начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг аблвыканкама Ірына Леўковіч, якой даверана прадстаўляць Бешанковіцкі, Сенненскі, Талачынскі і Чашніцкі раёны, начальнік рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ «Белаграпрамбанк» Алег Жынгель (Глыбокскі, Докшыцкі, Лепельскі і Ушацкі раёны), а таксама генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Уладзімір Мацвееў (Браслаўскі, Мёрскі, Пастаўскі і Шаркаўшчынскі раёны). Акрамя таго, ад Наваполацка і Расонскага раёна ўпершыню будзе працаваць у Савеце Рэспублікі старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, ад Полацкага і Верхнядзвінскага раёнаў — дырэктар Полацкага каледжа ВДУ імя П. Машэрава Таццяна Палушкіна.