30 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская вобласць праводзіць эксперымент па цэнтралізаванай закупцы кніг для публічных бібліятэк у выдавецтвах. Пра гэта сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Цярэнцьеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З гэтага года частка кніг для бібліятэчнай сістэмы вобласці закупляецца непасрэдна ў адным з беларускіх выдавецтваў. Па папярэдніх разліках, гэта дазволіць зэканоміць 35-40% бюджэтных сродкаў у параўнанні з тым, калі б кнігі закупляліся па звычайнай схеме - праз бібліятэчны калектар або ў кніжных крамах. Па словах Уладзіміра Цярэнцьева, калі разлікі пацвердзяцца, то вобласць пяройдзе на цэнтралізаваную закупку кніг у выдавецтвах.
Для больш рацыянальнага выкарыстання сродкаў абласнога бюджэту ўпраўленне культуры аблвыканкама з 2009 года набывае выданні прававой накіраванасці непасрэдна ў Віцебскім рэгіянальным цэнтры прававой інфармацыі, што дазваляе эканоміць 30% сродкаў. Гэты вопыт знайшоў падтрымку Міністэрства культуры і рэкамендаваны для ўкаранення ў іншых рэгіёнах краіны.
На камплектаванне фондаў публічных бібліятэк у 2012 годзе ў цэлым па вобласці з розных крыніц плануецца накіраваць Br11,4 млрд. На працягу I квартала на папаўненне фондаў публічных бібліятэк накіравана Br1,1 млрд., з іх амаль 44% - на набыццё кніг, астатняе - на падпіску перыядычных выданняў.-0-
БЕЛТА
Віцебская вобласць можа перайсці на цэнтралізаваную закупку кніг для бібліятэк у выдавецтвах
30.5.20120 праглядаў