Віцебская вобласць мае намер штогод накіроўваць больш Br20 млрд. на тэхпераўзбраенне падраздзяленняў МНС
12.10.20120 праглядаў
12 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дэпутаты Віцебскага аблсавета на пазачарговай сесіі зацвердзілі рэгіянальную праграму надання органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях Віцебскай вобласці сучаснай пажарнай, аварыйна-выратавальнай тэхнікай, абсталяваннем, рыштункам і маёмасцю на 2013-2017 гады, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Рэалізацыя праграмы дазволіць павысіць эфектыўнасць дзеянняў органаў і падраздзяленняў па аказанні дапамогі грамадзянам, якія апынуліся ў надзвычайных сітуацыях, знізіць цяжар наступстваў, паменшыць шкоду, прычыненую пажарамі і надзвычайнымі сітуацыямі прыроднага і тэхнагеннага характару, растлумачыў дэпутатам першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шавяко, які прадстаўляў праект праграмы.
Штогод у вобласці адбываецца больш за 1,5 тыс. аварый, пажараў і іншых надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, у выніку якіх гіне каля 200 чалавек, знішчаецца каля 1 тыс. будынкаў, сотні адзінак аўтамабільнай тэхнікі. Штогадовая прамая шкода ад пажараў і надзвычайных сітуацый складае каля Br6-8 млрд. Супрацоўнікі МНС толькі за 9 месяцаў бягучага года прадухілілі ўзгаранне 748 будынкаў, выратавалі на пажарах 85 чалавек. Разам з тым, з 151 адзінкі тэхнікі, якая стаіць на ўзбраенні органаў і падраздзяленняў, што ўтрымліваецца за кошт абласнога бюджэту, 110 знаходзяцца ў эксплуатацыі больш за 15 гадоў і падлягаюць спісанню.
Для нармалізацыі ў вобласці сітуацыі па аснашчэнні органаў і падраздзяленняў неабходна штогод вылучаць на гэтыя мэты не менш Br23 млрд. з абласнога бюджэту, што дазволіць паэтапна на працягу пяці гадоў укамплектаваць органы і падраздзяленні да неабходнага ўзроўню і замяніць зношаную тэхніку. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на набыццё 14 аўтамабільных пажарных цыстэрн, укамплектаваных пажарна-тэхнічным узбраеннем і аварыйна-выратавальным абсталяваннем, аўтамабільнага каленавага пад'ёмніка, 11 аўтамабільных пажарных лесвіц, 7 легкавых спецыяльных аўтамабіляў, 5 грузавых бартавых аўтамабіляў, вузлоў, агрэгатаў і іншых матэрыялаў для правядзення работ па мадэрнізацыі 25 наяўных аўтамабільных пажарных цыстэрн. Пры гэтым плануецца набыццё пераважна прадукцыі айчыннай вытворчасці. Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў абласнога бюджэту.
Як адзначыў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, затраты на рэалізацыю праграмы будуць улічаны ўжо пры фарміраванні абласнога бюджэту на 2013 год.-0-
БЕЛТА