Віцебская вобласць мае намер пералічыць у фонд рэспубліканскага суботніка каля Br4,5 млрд.
21.4.20120 праглядаў
21 красавіка, Віцебск /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць, паводле папярэдніх даных, пералічыць у фонд рэспубліканскага суботніка каля Br4,5 млрд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Як чакаецца, у суботніку возьмуць удзел паўмільёна жыхароў Прыдзвіння: работнікі прадпрыемстваў і арганізацый, студэнты, грамадскія актывісты, пенсіянеры. У дзень рэспубліканскага суботніка прадпрыемствы Віцебскай вобласці маюць намер выпусціць прамысловай прадукцыі амаль на Br10 млрд. Паводле папярэдніх даных, аб'ём падрадных работ, якія выканаюць валанцёры, ацэньваецца ў Br2 млрд.
Добраахвотнікі будуць заняты на добраўпарадкаванні аб'ектаў сацыяльнай сферы, уборцы тэрыторый. Сярод галоўных пляцовак суботніка ў камітэце назвалі парк Пераможцаў і гандлёва-забаўляльны цэнтр "Марка-сіці" у Віцебску, у Бешанковіцкім раёне месцам засяроджвання асноўных сіл будзе Востраўская станцыя юных тэхнікаў, а ў Віцебскім раёне - Воронаўскі дом-інтэрнат. Плануецца, што падчас суботніка толькі на прыдамавых тэрыторыях і ў дварах работнікі ЖКГ сумесна з жыхарамі высадзяць 2,5 тыс. дрэў, 3,6 тыс. кустарнікаў. Чысцейшымі стануць і лясы вобласці: запланавана ўборка ад смецця 23 га лясных тэрыторый каля дарог, дачных пасёлкаў і населеных пунктаў. Больш за 400 га новых лясоў плануюць закласці лесаводы рэгіёна.
Галоўнай пляцоўкай рэспубліканскага суботніка ў Віцебску стане парк Пераможцаў. На яго добраўпарадкаванні сёння будуць заняты каля 1 тыс. чалавек. На дапамогу будаўнікам і азеляняльнікам выйдуць работнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада, чыноўнікі і члены БРСМ.
Старажытны Полацк, які сёлета адзначае сваё 1150-годдзе, мае намер у дзень суботніка выпусціць прамысловай прадукцыі, вырабіць тавараў і паслуг, выканаць падрадных работ больш чым на Br600 млн. Звыш 30 тыс. гараджан будуць працаваць на сваіх працоўных месцах або зоймуцца добраўпарадкаваннем тэрыторый і падрыхтоўкай горада да святочных урачыстасцей. Моладзь Полацка збіраецца прывесці ў парадак 15 помнікаў і манументаў героям Вялікай Айчыннай вайны.
Жыхары сталіцы Дня беларускага пісьменства 2012 - Глыбокага - таксама актыўна возьмуць удзел у суботніку. Амаль 17 тыс. чалавек выйдуць на добраўпарадкаванне аб'ектаў будучага свята, будуць наводзіць парадак у населеных пунктах, працаваць на сваіх працоўных месцах - на палях і жывёлагадоўчых фермах. Глыбачане збіраюцца зарабіць у гэты дзень Br285,5 млн.-0-
БЕЛТА