22 жніўня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Віцебская вобласць прэтэндуе на лідарства ў сферы развіцця турызму. Такое меркаванне выказаў сёння падчас пасяджэння Віцебскага аблвыканкама, на якім разглядаліся пытанні рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы развіцця турызму на 2011-2015 гады, намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"У Віцебскай вобласці існуе выдатная праграма "500", якая накіравана на тое, каб крок за крокам развіваць інфраструктуру турызму. У некаторых рэгіёнаў ужо ёсць свае брэнды. У Расонах актыўна развіваецца сельскі турызм, у Полацку - паломніцкі, Глыбокае выбрала для сябе цікавы напрамак - там прайшоў першы вішнёвы фестываль. Па гэтым шляху трэба рухацца і ўсім астатнім рэгіёнам. Кожнаму - знайсці сваю "разыначку" і выпрацаваць стратэгію развіцця", - падкрэсліў Часлаў Шульга.
"Паралельна з гэтым неабходна ўзмацняць інфармацыйнае суправаджэнне - указальнікі ўздоўж трас, друкаваная прадукцыя, тэлевізійныя ролікі і інтэрнэт-сайты. Спосабаў данесці інфармацыю вялікая колькасць. Важна таксама зрабіць гэту інфармацыю даступнай для большай колькасці людзей, а не толькі рускамоўных падарожнікаў. Трэба актыўна выкарыстоўваць мовы суседніх краін, а таксама англійскую", - перакананы намеснік міністра.
Ён таксама падкрэсліў, што ў рэгіёнах неабходна ствараць умовы для інвестараў. "У нас не хапае кафэ, гасцініц і іншых месцаў адпачынку і забаў для людзей рознага ўзросту і дастатку. Вырашыўшы гэтыя праблемы, Віцебская вобласць мае ўсе шансы павялічыць прыбытковасць турызму як мінімум у 2 разы", - сказаў Часлаў Шульга.-0-
Навіны Беларусі (БЕЛТА)