30 верасня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Віцебская абласная філармонія адкрые XXV канцэртны сезон у Міжнародны дзень музыкі - 1 кастрычніка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове.
Першым мерапрыемствам стане канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор - заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў). У праграме творы Моцарта, Грыга, Брытэна, Мендэльсона, Расіні.
Яркімі падзеямі канцэртнага сезона будуць юбілейны XXV Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салерцінскага і прэм'ера новай праграмы сімфанічнага аркестра абласной філармоніі (з калектывам зараз рэпетуе запрошаны дырыжор з Санкт-Пецярбурга Павел Любамудраў). Акрамя таго, будуць працягнуты такія праекты, як "Калядная акадэмія", канцэрты для будучых мам "Саткаць душу з нот", "Музычныя вечары Латвіі", канцэрты арганнай музыкі.
Для дзяцей артысты філармоніі падрыхтавалі несур'ёзную размову пра сур'ёзную музыку - музычна-пазнавальную праграму "Музычная скрыначка".
Фіналам XXV сезона стане вялікі юбілейны канцэрт, які прагучыць у Віцебску 22 мая - у дзень утварэння абласной філармоніі.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)