23 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа і Швейцарскі Чырвоны Крыж уступаюць у новую фазу праекта "Умацаванне службы сясцёр міласэрнасці Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Жаланава. Мэтай новага этапу супрацоўніцтва стане паляпшэнне якасці аказання медыка-сацыяльнай дапамогі і догляду на даму для ўразлівых груп насельніцтва і стварэнне сістэмы валанцёрскага руху ў рамках працы службы сясцёр міласэрнасці з ліку сваякоў, сяброў, суседзяў. Для гэтага ў Наваполацку на базе Наваполацкай гарадской арганізацыі Чырвонага Крыжа будзе створаны цэнтр па навучанні насельніцтва асновам догляду на даму. У Глыбоцкім раёне плануецца арганізацыя цэнтра па навучанні насельніцтва навыкам аказання першай дапамогі. У Чыгуначным раёне Віцебска прадугледжваецца стварыць рэсурсны цэнтр, дзе будуць назапашвацца і перадавацца ў часовае карыстанне пацыентам, накіраваным з лячэбна-прафілактычных устаноў, сродкі рэабілітацыі - інвалідныя каляскі, мыліцы, супрацьпралежневыя сістэмы. Акрамя таго, медыцынскія сёстры міласэрнасці працягнуць навучанне па праграме "Кінестэтыка ў доглядзе за хворымі". Гэтая методыка дазваляе палепшыць догляд за пацыентамі, павысіць іх незалежнасць у выкананні паўсядзённых жыццёвых задач, а таксама захаваць здароўе медыцынскіх сясцёр пры ажыццяўленні догляду на даму за цяжка хворымі, якія страцілі здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэння. У 2012 годзе запланаваны базавыя трэнінгі па кінестэтыцы і трэнінгі па ўдасканаленні. Не выключана, што навучанне па гэтай праграме пройдуць медыцынскія сёстры бальніц сястрынскага догляду, дадала Галіна Жаланава. Яна таксама адзначыла, што аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі самотным старым і інвалідам службай сясёр міласэрнасці з'яўляецца адным са стратэгічных напрамкаў БТЧК. У Віцебскай вобласці службай сясёр міласэрнасці на пастаяннай аснове абслугоўваюцца 98 пацыентаў - інваліды I групы і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. У 2011 годзе сёстры міласэрнасці ажыццявілі да іх больш за 16 тыс. наведванняў, аказалі звыш 41,6 тыс. паслуг. Тым, хто мае патрэбу пацыентам, якіх абслугоўваюць сёстры міласэрнасці на даму, прадастаўлены ў карыстанне функцыянальныя ложкі па праграме "Гуманітарная дапамога ўразлівым" ад Швейцарскага Чырвонага Крыжа.-0-

БЕЛТА