23 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў 2011 годзе рэалізоўвала 15 міжнародных праектаў і прыцягнула ад знешніх донараў Br893 млн., паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной структуры Галіна Жаланава.
Сярод найбольш значных праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі суразмоўніца назвала праграму "Бежанцы, асобы, якія шукаюць прытулку ў Беларусі, Малдове, Украіне", якая рэалізоўвалася сумесна з прадстаўніцтвам УВКБ ААН, упраўленнем па грамадзянстве і міграцыі УУС Віцебскага аблвыканкама, камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама. Асаблівасць працы Віцебскай арганізацыі заключаецца ў тым, што ў абласным цэнтры знаходзіцца пункт часовага пасялення бежанцаў, куды ў адпаведнасці з квотамі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі накіроўваюцца замежныя грамадзяне. Пункт ужо прыняў 230 замежнікаў з Афганістана, Пакістана, Судана, Ірака, Конга, Самалі, Егіпта, Ірана, Сірыі, Грузіі. У ходзе праекта бежанцам была аказана фінансавая дапамога, ім аплачвалася арэнда жылля, набываліся медыкаменты, школьныя прыналежнасці, цёплае адзенне для дзяцей. У агульнай суме на гэтыя і падобныя мэты было накіравана звыш Br75,6 млн.
Асноўнай задачай на бягучы год застаецца працаўладкаванне бежанцаў на прадпрыемствах вобласці, развіццё праектаў прадпрымальніцтва для забеспячэння самадастатковасці суполак бежанцаў і стварэнне на іх базе працоўных месцаў.
У мінулым годзе абласная арганізацыя БТЧК стала выканаўцам новага праекта "Узмацненне нацыянальных механізмаў рэінтэграцыі і рэабілітацыі ахвяр гандлю людзьмі ў Беларусі, Малдове, Украіне". Пытанні аказання дапамогі ахвярам работоргіі застаюцца ў цэнтры ўвагі абласной арганізацыі з 2005 года. За гэты час аказана дапамога 150 пацярпелым.
Абласная арганізацыя таксама прымае ўдзел у рэалізацыі праграм, накіраваных на падтрымку маладзёжнага валанцёрскага руху, на стварэнне атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару з удзелам добраахвотнікаў і валанцёраў, на аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі адзінокім старым і інвалідам.
Віцебская абласная арганізацыя БТЧК у бягучым годзе працягне ўдзел у міжнародных праектах, якія будуць накіраваны на процідзеянне гвалту ў сям'і, умацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў аховы здароўя.-0-
БЕЛТА
Віцебская абласная арганізацыя БЧК у 2011 годзе рэалізоўвала 15 міжнародных праектаў
23.2.20120 праглядаў