15 чэрвеня, Мінск /Таццяна Чумакова - БЕЛТА/. ААТ "Віцебскдрэў" плануе ўвесці ў эксплуатацыю завод па вытворчасці драўняна-валакністых пліт (МДФ/ХДФ) у 2013 годзе, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па будаўніцтве Мікалай Кузняцоў. Вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі - ламінату - пачнецца з уводам першай чаргі завода, які запланаваны на ліпень наступнага года. Увод другой чаргі адбудзецца да канца 2013 года, разам з ёй будзе запушчана вытворчасць драўняна-валакністых пліт (МДФ/ХДФ). Праектная магутнасць завода - 140 тыс.куб.м у год, выхад на яе плануецца ажыццявіць у канцы наступнага года. Кошт праекта ў бягучых цэнах складае каля Br500 млрд. (крэдыты банкаў). Пад новы завод на тэрыторыі "Віцебскдрэва" адведзена 6,7 га. Прыкладна 80% абсталявання для завода ўжо пастаўлена. Рэалізацыя праекта па будаўніцтве вядзецца з лютага 2011 года. Прадпрыемства займаецца выпускам пліт ДВП і ДСП. "Новыя драўняна-валакністыя пліты (МДФ/ХДФ) будуць адрознівацца па тэхналогіі, тэхнічных параметрах, і якасць іх будзе значна вышэй", - адзначыў намеснік гендырэктара. Вытворчасць драўняна-валакністых пліт узрасце з уводам завода ў разы. Рэалізацыя як ламінату, так і новых драўняна-валакністых пліт будзе ажыццяўляцца і ў Беларусі, і за мяжой. Асноўным перспектыўным знешнім рынкам для збыту дадзенай прадукцыі на "Віцебскдрэве" разглядаюць Расію. Прадпрыемства ўтворана ў 1927 годзе, з 1994 года пераўтворана ў ААТ. "Віцебскдрэў" з'яўляецца адной з найбуйнейшых дрэваапрацоўчых кампаній Беларусі. Выпускае вокны і дзверы, драўняна-стружкавыя і драўняна-валакністыя пліты, піламатэрыялы, дошку падлогі і іншую прадукцыю. Прадпрыемства мае эфектыўную сістэму менеджменту якасці, якая адпавядае патрабаванням ІСА 9000. З мэтай паляпшэння экалагічных паказчыкаў дзейнасці і прадухілення забруджвання навакольнага асяроддзя на "Віцебскдрэве" створана і ўкаранёна сістэма кіравання навакольным асяроддзем на аснове стандартаў серыі 14000. Вытворчыя магутнасці дазваляюць перапрацоўваць да 1 тыс.куб.м драўнянай сыравіны ў суткі. Прадпрыемства ўваходзіць у склад канцэрна "Беллесбумпрам".-0-

БЕЛТА