20 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыняў зварот, у якім заклікае жыхароў вобласці не карміць дзікіх вадаплаўных птушак, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Дагэтуль каля вадаёмаў можна сустрэць людзей, якія кормяць птушак і лічаць, што робяць добрую справу. Насамрэч яны робяць птушкам толькі горш, паколькі прыцягваюць іх заставацца на зімоўку. Падкормліванне ў міграцыйны перыяд, калі натуральныя крыніцы харчавання сябе вычэрпваюць, ператварае птушак у мясцовых і залежных ад людзей", - гаворыцца ў звароце.
Як растлумачыла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела дзяржкантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, лясоў, жывёльнага і расліннага свету, асабліва ахоўваемых тэрыторый, абыходжаннем са адходамі абласнога камітэта Жанна Алейнікава, у звароце гаворка ідзе пра дзікіх качак і лебедзяў. У апошнія гады ў зімовы перыяд узмацніліся званкі ад грамадзян, якія раз за разам паведамляюць аб птушках, што замярзаюць у вадаёмах. А прычынай таго, што лебедзі і качкі не адляцелі да месцаў зімоўкі, з'яўляецца неразумныя паводзіны людзей. Акрамя таго, што парушаецца натуральная міграцыя птушак, вялікая экалагічная нагрузка кладзецца на вадаёмы, якія не замярзаюць, што становяцца месцам часовага пражывання цэлых калоній лебедзяў і качак. Так адбываецца, напрыклад, на незамярзаючым возеры Лукомльскае, у якое трапляюць ачышчаныя цёплыя воды Новалукомльскай ГЭС.
Эколаг просіць падкормліваць толькі тых птушак, якім відавочна патрэбна дапамога - хворых і параненых. А лепш пра падобныя выпадкі паведамляць у раённыя ці гарадскія выканкамы, дзе створаны камісіі па аказанні дапамогі дзікім жывёлам, што знаходзяцца ў бядотным становішчы, або непасрэдна ў камітэт ці яго раённыя падраздзяленні.-0-
БЕЛТА
Віцебскія эколагі заклікаюць жыхароў адмовіцца ад прыкормлівання лебедзяў і качак
20.11.20110 праглядаў