23 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Супрацоўнікі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі правялі сёння ў Смаленску online прэзентацыю вопыту работы адукацыйных устаноў і педагогаў-наватараў вобласці з адоранымі дзецьмі ў ходзе міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Пошук, падтрымка і суправаджэнне таленавітых дзяцей і педагогаў ва ўмовах рэалізацыі мадэлей адукацыі". Упершыню інстытут развіцця адукацыі ўдзельнічае ў міжнародным форуме з дапамогай сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў інстытуце. На прэзентацыі адзначалася, што пошук розных спосабаў канструявання адукацыйнай прасторы, якая стварае ўмовы для праяўлення і развіцця адоранасці дзяцей, з'яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці педагагічных калектываў і арганізатараў адукацыі вобласці. Для развіцця агульнай і спецыяльнай адоранасці дзяцей у вобласці створана сістэма, якая ўключае сетку дашкольных і профільных навучальных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, факультатыўныя заняткі, якімі ахоплена каля 92,2% навучэнцаў, а таксама ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе развіваюць таленты і здольнасці больш за 37 тыс. дзяцей і падлеткаў. Акрамя таго, у вобласці дзейнічаюць звыш 400 навуковых таварыстваў навучэнцаў, ва ўстановах адукацыі працуюць 55 узорных самадзейных творчых калектываў. У вобласці створаны электронны банк даных "Педагагічныя ініцыятывы ў рабоце з адоранымі дзецьмі", які з'яўляецца своеасаблівай метадычнай скарбніцай ідэй і перадавых распрацовак педагогаў па выяўленні і развіцці адораных дзяцей. Аператыўны доступ да інфармацыі мае кожны педагог, зацікаўлены ў выпрацоўцы індывідуальных адукацыйных маршрутаў для развіцця адоранасці вучняў. Стварэнне электроннага банка даных дазволіла актывізаваць прапаганду перадавога вопыту па развіцці творчых здольнасцей навучэнцаў, захаваць пераемнасць у рабоце з адоранымі дзецьмі, уключыўшы ў такую дзейнасць маладых педагогаў. Акрамя таго, адной з форм выяўлення адоранасці і найбольш масавым напрамкам работы з адоранымі дзецьмі з'яўляецца ўдзел у алімпіядным руху, конкурсах, выстаўках, канферэнцыях. На працягу апошніх некалькіх гадоў Віцебская вобласць утрымлівае лідарства ў краіне па колькасці праведзеных дыстанцыйных алімпіяд і конкурсаў.